С какими вопросами люди обращались к районной власти

Актуалии Общество Президент

Пра пад’езды да могілак і нявыкананыя абяцанні

У мінулую суботу старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Мікалаеўна Новікава правяла “прамую лінію” і асабісты прыём грамадзян, падчас якіх двое чалавек прыйшлі на прыём, пяцёра патэлефанавалі.
Так, жыхар вёскі Шыліна вельмі занепакоены станам пад’язных дарог да грамадзянскіх могілак у Барках, Шыліне і Соіне. З гэтай праблемай ён і завітаў на прыём.  Старшыня райсавета дала даручэнне адказным суб’ектам і балансаўтрымальнікам дарог выехаць на месца, вывучыць сітуацыю і прыняць неабходныя меры.
З просьбай аказаць дапамогу ў   выдзяленні арэнднага жылля  прыйшла на прыём жыхарка райцэнтра. Пытанне патрабуе дэталёвага вывучэння, таму жанчыне рэкамендавана звярнуцца ў службу райвыканкама “адно акно” для магчымай пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
Зрабіць рамонт часткі вуліцы Крыжоўскай прасіў падчас тэлефоннай размовы жыхар вёскі Баёўка. Пытанне адрасавана УП ЖКГ і старшыні Светласельскага сельвыканкама В. В. Шчарбакову.
Да апошняга чакала станоўчага вырашэння канфліктнай сітуацыі жыхарка в. Пабеда. “Абяцанні, якія давала кіраўніцтва райаграсэрвісу яшчэ ўвосень, па ўсім відаць, ніхто не збіраецца выконваць”, – расказала жанчына. А абяцала кіраўніцтва гаспадаркі кампенсаваць выдаткі, якія панесла гаспадыня ад псавання статкам гаспадаркі яе азімых пасеваў. Здарылася гэта, калі пастухі гналі жывёлу на ферму для пастаноўкі на зімова-стойлавы перыяд. Недагледзелі…
Два пытанні камунальнага характару паступілі ад жыхароў райцэнтра. Першы тэлефонны званок  тычыўся рамонту міжпанэльных швоў шматпавярховага дома, другі – няякаснага выканання работ па ўстаноўцы сістэмы водаадвядзення на пяціпавярховым доме, што па вуліцы Кароткіна, 11.
І пра апошні званок. Зварот да кіраўніцтва раёна ад жыхароў в. Гаравыя, як высветлілася, не першы. У лютым вясковая пажылая сям’я тэлефанавала кіраўніку раёна на «прамую лінію» і прасіла пасадзейнічаць у вырашэнні пытання выдзялення тэхнікі мясцовай гаспадаркай, у якой гаспадар адпрацаваў шмат год, для дастаўкі дроў. Тады дырэктар ААТ “Лаўжанскае” (цяпер ужо былы дырэктар) нават пісьмова абяцаў выдзеліць тэхніку. Аднак абяцанне так і не стрымаў…
Як адзначыла старшыня райсавета, усе пытанні, якія паступілі падчас “прамой лініі” і асабістага прыёму, узяты на кантроль, вызначаны тэрміны і адказныя асобы па іх вырашэнні.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №22 ад 17.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *