В венок юбиляру. Дарить людям радость и надежду

Людзі і лёсы Общество

Л. Н. Нагибова

Яна да людзей, і людзі да яе
Гэту жанчыну ведаюць многія жыхары раёна. Не, яна зусім не з важных персон. І не пераможца гучных спаборніцтваў. Яе партрэт не змешчаны на раённай Дошцы Гонару (хаця, мяркуем, гэту недарэчнасць абавязкова выправяць). Але гэты чалавек вельмі адметны для многіх і многіх нашых землякоў.
Любоў Мікалаеўна Нагібава, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў, робіць галоўнае ў гэтым зямным жыцці: адкрывае сваё сэрца тым, хто мае патрэбу ў душэўнай падтрымцы, у дапамозе. І на гэтым высакародным полі дзейнасці яна дасягнула цудоўных вынікаў: у кожным сельсавеце з’явіліся пярвічныя арганізацыі інвалідаў, і людзі, якія раней адчувалі сябе адзінокімі і незапатрабаванымі, цяпер маюць магчымасць сустракацца, выязджаць на мерапрыемствы, на экскурсіі, канцэрты, да святых месцаў нашай Беларусі…
Яна трымае ў памяці кожнага. Яна заўжды разам са сваімі падапечнымі, якія яе паважаюць, ёй давяраюць, чакаюць, калі зноў нешта арганізуе, пакліча, дапаможа.
Сёння ў гэтага цудоўнага, добрай душы чалавека юбілей, і ёй дасылаюць свае віншаванні з усіх куткоў Шуміліншчыны. Тэлефануюць, перадаюць цёплыя словы адзін праз аднаго і праз раённую газету. Яна хвалюецца і, як вельмі сціплы па жыцці чалавек, нават саромеецца такой увагі да сваёй персоны.
Паважаная Любоў Мікалаеўна, вам ёсць чым ганарыцца. Вы сумленна працавалі і працуеце, вы выгадавалі добрых дзяцей, вы шчыра, а не дзеля галачкі, дапамагаеце людзям, дорыце ім сваю любоў, не шкадуеце часу і здароўя. Таму і атрымліваеце абсалютна па заслугах ад дабрыні дабрыню.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №78 ад 11.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *