«Лесной страж» помогает шумилинским лесникам беречь лес от огня

Новости Экология Экономика

«Лясны Страж» бачыць і кантралюе

Сёлета лета выдалася спякотным, доўгі час стаяла надвор’е без дажджоў. Таму ў Шумілінскім раёне (як і па ўсёй краіне) спачатку было ўведзена абмежаванне на наведванне лясоў, а потым і поўная забарона. Нягледзячы на тое, што забарона на наведванне лясоў знята, работнікі Шумілінскага лясгаса пільна сочаць за сітуацыяй у рэжыме рэальнага часу. І ў гэтым аказвае неацэнную дапамогу аўтаматычная сістэма ранняга выяўлення лясных пажараў «Лясны Страж».

– Сістэма «Лясны Страж» у Шумілінскім лясгасе працуе з красавіка мінулага года, – расказвае інжынер па ахове і абароне лесу лясгаса Антон Шабанаў. – У раёне за сітуацыяй у лясах назіраюць пяць камер, большасць з іх размешчана на вышках сотавай сувязі. Радыус ахопу адной камеры складае 35 км. Уся інфармацыя з камер анлайн выво-дзіцца на камп’ютар. Пры з’яўленні «падазронай» кропкі падаецца гукавы сігнал. 
Далей на гэты ўчастак наводзіцца камера і высвятляецца: гэта ўзгаранне ці, скажам, узняты тэхнікай пыл. Пільнае адсочванне інфармацыі з камер ажыццяўляецца з 8 гадзін раніцы і да 21 гадзіны вечара, а пры забароне наведвання лясоў – кругласутачна.

Спецыяліст лясгаса падкрэслівае, што «Лясны Страж» дапамагае папярэдзіць як лясныя пажары, так і надзвычайныя сітуацыі ў вёсках, якія знаходзяцца ў полі зроку камер. «Так, напрыклад, нядаўна мы заўважылі ўзгаранне на адным з сельскагаспадарчых аб’ектаў, – расказвае інжынер. – Адразу паведамілі ў РАНС, і ратавальнікі адразу лакалізавалі пажар.  Таксама з дапамогай сістэмы сёлета выявілі два палы сухой травы».

Спачатку года ў лясах Шуміліншчыны зафіксаваны. адзін пажар У нядзелю, 25 чэрвеня, адбыўся пажар у лесе каля вёскі Забор’е Мікалаеўскага сельсавета. І тут лёгка мог узнікнуць вялікі лясны пажар. Дзякуючы сістэме «Лясны Страж» работнікі Мікалаеўскага лясніцтва на месцы здарэння былі праз 20 хвілін пасля выяўлення. Агонь лакалізавалі ўласнымі сіламі без выкліку пажарных. Тэрыторыя пажару склала ўсяго 0,1 га.
Дарэчы, за май-чэрвень «Лясны Страж» выявіў больш за 10 сігналаў пра задымленне. «Кожны сігнал – патэнцыйны пажар, таму аналізуецца кожны выпадак, у тым ліку і з выездам на месца», – заўважыў Антон Шабанаў.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *