Богдан Ушал из Шумилино поделился впечатлениями о путешествии на «Поезде Памяти»

2023 – Год мира и созидания Молодёжь

«Цягнік Памяці»: ад Брэста да Масквы. Дарога, якая назаўсёды застанецца ў памяці

14 гарадоў: Брэст, Гродна, Полацк, Санкт-Пецярбург, Ніжні Ноўгарад, Уфа, Самара, Валгаград, Тула, Магілёў, Жлобін, Мінск, Парк «Патрыёт» (г. Кубінка), Масква; 16 дзён; 9300 кіламетраў; больш за 500 фотаздымкаў у тэлефоне і сувеніры літаральна з кожнага горада; 17 тысяч бутэлек вады. Такім дзесяцікласніку Шумілінскай СШ №1 Багдану Ушалу запомніцца на ўсё жыццё яго ўдзел у патрыятычным культурна-адукацыйным праекце «Цягнік памяці». У праект хлопец трапіў па выніках удзелу у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны”, годна вытрымаўшы ўсе іспыты.
Багдан стаў адным з 8 прадстаўнікоў Віцебшчыны і адным з 200 старшакласнікаў Беларусі, Расіі, Арменіі і Кыргызстана, якія адправіліся з 21 чэрвеня па 6 ліпеня ў вялікае падарожжа па гарадах і памятных мясцінах Беларусі і Расіі, звязаных найперш з Вялікай Айчыннай вайной.

Багдан роўна тыдзень як дома, а эмоцыі, кажа, не пакідаюць. Па яго словах, падарожжа атрымалася лепш не прыдумаеш, яму нават у сне не магло прысніцца падобнае.

«Наш цягнік адправіўся ў дарогу 22 чэрвеня з Брэста. Як ведаем, менавіта з гэтым горадам і трагічнай датай звязаны падзеі пачатку вайны, – падзяліўся ён. – За два дні ў Брэсце мы сталі гледачамі рэканструкцыі былых гістарычных падзей, пагрузіліся ў незабыўную атмасферу гераізму, нібыта пабачылі “кусочак далёкай вайны”.

Асабліва ўразіў Санкт-Пецярбург, дзе пашчасціла пабываць ажно два дні. Музей чыгунак Расіі, Ісакіеўскі сабор, Сенацкая плошча, Летні сад, Марсава поле, Пецяргоф… І прыгожы фестываль выпускнікоў «Пунсовыя ветразі»! Літаральна кожная гадзіна была напоўнена новымі адкрыццямі, моцнымі эмоцыямі і яркімі ўражаннямі! Багдану пашчасціла пазнаёміцца і пасябраваць з Ільёй з Падмаскоўя, які сур’ёзна захапляецца мастацтвазнаўствам. Ён яму столькі цікавых падрабязнасцяў расказаў пра многія славутасці.

Аднак больш за ўсё Багдану запаў у душу парк «Патрыёт» у Кубінцы (Падмаскоўе).

  • Там ёсць музей «Дарога памяці 1418», дзе ў выглядзе шляху даўжынёй у 1418 крокаў паўстаюць 1418 дзён Вялікай Айчыннай вайны, – захоплена расказаў хлопец. – Ты праходзіш кожны гэты дзень, табе распавядаюць, што адбывалася ў кожны канкрэтны час, і ты быццам сам пражываеш гэтую вайну і адчуваеш боль, які адчуў наш народ. Кожны з залаў прысвечаны пэўнай старонцы гісторыі вайны – абароне Брэсцкай крэпасці, Сталінградскай бітве, аперацыі «Баграціён». І вы ведаеце, там у базе дадзеных удзельнікаў вайны я знайшоў прозвішча свайго прадзеда, які ваяваў! Ніхто не забыты!

Багдан паспеў ужо параіць сябрам і знаёмым абавязкова пабываць на

мемарыяле дзецям-ахвярам Вялікай Айчыннай вайны ў Красным Беразе каля Жлобіна, экскурсія па якім пакінула ў яго не менш моцнае ўражанне.

Літаральна ў кожным горадзе Багдан набыў сувенір на памяць. Гэта былі магніты, значкі, бралкі, браслеты. У Туле хлопец не змог прайсці міма варэння… з шышак. Пакаштаваўшы, ён прыхапіў невялічкі слоік для мамы, таты і сястры. У нас такога дзіва не сустрэнеш.

Атрымлівалі маладыя вандроўнікі сувеніры і падарункі. Штосьці адметнае  дарылі на кожным прыпынку цягніка, каб на памяць засталася рэч, якая будзе нагадваць пра канкрэтны горад, яго славутасці.

А яшчэ, уявіце, Багдану пашчасціла адзначыць у падарожжы свой 17-ты дзень нараджэння. Ад кіраўніцтва чыгункі хлопец атрымаў незвычайны арыгінальны падарунак – драўляныя дарожныя шахматы. «Цяпер вось прыйдзецца вучыцца гуляць», – усміхнуўся ён. Прадэманстраваў хлопец і яшчэ адзін падарунак ад чыгункі, які дастаўся ўсім удзельнікам праекта – сувенірную крыштальную шклянку ў падшклянніку. Проста твор мастацтва!

16 дзён праляцелі як адно імгненне, хлопцы і дзяўчаты сталі адной дружнай сям’ёй. І калі прыйшоў час развітвацца, былі слёзы.

«Канешне, вельмі не хацелася развітвацца, бо «Цягнік Памяці» падарыў кожнаму новых сяброў і дазволіў зусім па-іншаму паглядзець на гісторыю Вялікай Айчыннай вайны і гераічны подзвіг прадзедаў, дапамог зразумець маштабы подзвігу і жахлівых страт вайны. Асабіста я прапусціў усё праз сэрца, зразумеў, наколькі важна шанаваць памяць», – сказаў на развітанне Багдан і пажадаў кожнаму паспытаць удачу стаць удзельнікам падобнага праекта. Праўда, для гэтага трэба быць сапраўдным патрыётам, усім сэрцам любіць радзіму і старацца па сілах і магчымасцях унесці свой пасільны ўклад у яе развіццё і працвітанне.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *