«Прарыў Перамогі»
1 мая на мемарыяльным комплексе «Прарыў» прайшла абласная патрыятычная акцыя «Прарыў Перамогі», прысвечаная 80-годдзю прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. У святкаванні прыняла ўдзел дэлегацыя Шумілінскага раёна на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Будневічам.
У першыя дні мая 1944-га на Ушаччыне, у раёне вёсак Старое Сяло і Паперына вяліся цяжкія кровапралітныя баі. Фашысты акружылі вялікую групоўку партызан, колькасць варожых войскаў у тры разы пераўзыходзіла сілы партызан. У ноч з 4 на 5 мая 16 брыгад Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, прарваўшы смяротнае кальцо блакады,вырваліся з акружэння і вывелі з сабой 15 тысяч мірных жыхароў.
Мемарыяльны комплекс «Прарыў» быў адкрыты ў 1974 годзе. Да высокага ўзгорку каля вёскі Паперына вядзе прамая, нібы страла, дарога. На вяршыні – бронзавая фігура партызана, якая нібы разрывае сцяну нямецкага акружэння. Па абодвух баках дарогі назвы 16 партызанскіх брыгад, што ўдзельнічалі ў абароне Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, пра іх нагадваюць і пасаджаныя на ўзгорку 16 дубоў. На верхняй пляцоўцы вакол вечнага агню – мемарыяльныя пліты з імёнамі 1450 партызан, загінуўшых у абарончых баях. 450 байцоў, якія загінулі ў баі 5 мая 1944 года, знайшлі вечны спакой у брацкай магіле.
Менавіта пра гэта нагадалі вядучыя пад-час тэатралізаванага пралогу «Каб памяталі…» 1 мая падчас абласной патрыятычнай акцыі «Прарыў Перамогі», прысвечанай 80-годдзю прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны.
Ва Ушацкі раён прыбылі дэлегацыі з усіх раёнаў і гарадоў Віцебшчыны, Расійскай Федэрацыі – усяго ў мерапрыемствах удзельнічала больш за 5 тысяч чалавек.
У акцыі прынялі ўдзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на чале з яе старшынёй Ігарам Сергяенкам, старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Ляўковіч, ганаровы грамадзянін Ушач Уладзімір Андрэйчанка, кіраўніцтва раёнаў вобласці.
У святкаванні прыняла ўдзел і дэлегацыя Шумілінскага раёна на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Будневічам, у складзе якой былі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна. Многія былі з дзецьмі.
«На «Прарыў» ўзяла сямігадовага сына Цімура, – расказвае Марыя Забела. – На мой погляд, такія мерапрыемствы – найлепшае патрыятычнае выхаванне. У сына проста мора эмоцый, увесь вечар ён расказваў пра сваё падарожжа. Канешне, найбольш ярка яму запомнілася імправізацыя бою з выбухамі, немцамі і партызанамі».
На «Прарыве» ўстановы адукацыі раёна прадставілі партызанскую стаянку, на якой гучалі ваенныя песні пад гармонік, тут частавалі і салдацкай кашай.
Выступаючы на мітынгу, старшыня абл-выканкама Аляксандр Субоцін сказаў: «Глыбока сімвалічна, што сёння, у Свята працы, мы праводзім дні партызанскай славы, прысвечаныя 80-й гадавіне прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай зоны. Тым самым тут, на Ушацкай зямлі, дзе пралівалася кроў нашых бацькоў і дзядоў у гады Вялікай Айчыннай вайны, мы аддаём даніну памяці ратным і працоўным подзвігам беларускага народа».
У рамках акцыі прайшла ўрачыстая перадача «капсулы часу» з відэапасланнямі жыхароў усіх раёнаў Віцебшчыны будучым пакаленням, як даніна павагі подзвігу савецкіх воінаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Капсула будзе захоўвацца ў музеі народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка. Відэапасланне будзе прадэманстравана на чарговым юбілеі гераічнай падзеі ў 2034 годзе.
Мы жывём пад мірным небам. Рэканструкцыя бою, якуюпаказала мінскае гісторыка-патрыятычнае аб’яднанне «Будзем помніць», перанесла ўсіх удзельнікаў урачыстасцяў у часы вайны. І гэта было відовішча, якое захоплівала.
Дарэчы, відэаўрыўкі з рэканструкцыі бою можна пабачыць на афіцыйных старонках «Герой працы» ў сацыяльных сетках і месенджарах.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

