В Шумилино отметили День десантников в экстремальных условиях

Общество

Свята дэсантнікаў з нотай экстрыму

2 жніўня шумілінцы, якія праходзілі вайсковую службу ў радах «паветранай пяхоты», святкавалі Дзень дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый.

Члены раённай арганізацыі «Шумілінскае дэсантнае братэрства» сабраліся ў храме Свяціцеля Мікалая Цудатворцы, дзе благачынны протаіерэй Фёдар Пучынскі заклікаў памаліцца нябеснаму апекуну ПДВ прароку Іллі, расказаў аб яго жыцці.

«Прыемна, што арганізацыі воінаў-ветэранаў свае мерапрыемствы пачынаюць з малітвы ў храме. Сёння, у дзень памяці прарока Іллі, адзначаецца і дзень дэсантных войскаў. Прарок быў узяты на неба ў «вогненнай калясніцы», і дэсантнікі абрушваюцца на ворага з нябёс са сваіх паветраных калясніц-самалётаў, заўжды ідуць наперадзе і перамагаюць. Ваш прыклад паказвае, што дэсантнае братэрства захоўваецца праз дзесяцігоддзі пасля службы ў арміі», – заўважыў ў кароткай прамове айцец Фёдар. Благачынны правёў малебен аб здароўі воінаў, якія служылі ў дэсантных войсках, усіх абаронцаў Ай-ыны, а таксама паніхіду па дэсантніках, якія пайшлі з жыцця.

Ад царквы дэсантнікі накіраваліся ў сквер Воінскай славы ў суправаджэнні ансамбля барабаншчыц-мажарэтак Шумілінскай ДШМ. І вось тут прырода вырашыла паспытаць ветэранаў-дэсантнікаў – хлынуў моцны лівень. У экстрэмальных умовах стойкія дзяўчынкі-барабаншчыцы бліскуча выканалі сваю праграму пад гарачыя апладысменты дэсантнікаў.

Да стэлы з імёнамі шумілінскіх воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія загінулі ў Афганістане, дэсантнікі ўсклалі кветкі. Намеснік старшыні раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Вячаслаў Канашэнка павіншаваў дэсантнікаў са святам і перадаў вітальны адрас Аляксандру Коржалю, кіраўніку «Шумілінскага дэсантнага братэрства».

Аляксандр Коржаль уручыў вучню Шумілінскай СШ № 1 Багдану Ушалу грамадскую ўзнагароду – знак «Камандуючы ПДВ СССР Маргелаў В. П.», якой адзначаны поспехі школьніка ў ваенна-патрыятычных творчых конкурсах.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *