Дзень работы з насельніцтвам: Сіроцінскі сельсавет

Актуалии Общество Сельское хозяйство

А лета ў вёсцы пахне яблыкамі і дранікамі

Председетель районного Совета депутатов И. Н. Новикова на встрече в деревне Мазурино

У аўторак 10 жніўня ў вёсках Сіроцінскага сельсавета было больш ажыўлена, чым звычайна. У гэты дзень у сельсавеце праводзіўся дзень работы з насельніцтвам, і да вяскоўцаў завіталі прадстаўнікі райвыканкама і раённых службаў.
Група пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай сустрэлася з жыхарамі вёсак Мосарава, Мазурына і Сянькова. Ірына Мікалаеўна расказала сяльчанам аб тых   клопатах, якімі сёння жыве раён: завяршэнні жніва, выкананні сацыяльна-эканамічных прагнозаў, вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. Папярэдзіла пытанні, якія звычайна ўзнікаюць падчас такіх сустрэч, а гэта найперш нарыхтоўка дроў, рамонт дарог, знос аварыйных дрэў.
Вёсачкі на нашым шляху сустрэліся маленькія. Жыццё, здавалася б, у іх аднолькавае, але жыхары сустракалі нас па-рознаму.
У Мосараве — калюча-насцярожана, з прэтэнзіямі, найперш былі незадаволены, што вёска зарасла травой і хмызам, што “на гары” ні дарогі, ні вады… Крыўду вяскоўцаў, якія калісьці карысталіся водаправодам, і  іх жаданне мець такую зручнасць можна зразумець. Але ж людзі ў сваю чаргу павінны разумець і тое, што сёння ў дзяржавы няма магчымасці пабудаваць новыя водаправоды ва ўсіх вёсачках, што на гэта патрэбны мільёны і мільярды. Гэта даводзіла людзям І. М. Новікава. Яна ж паведала, што участак дарогі ад трасы Віцебск –Полацк да “гары” ў вёсцы Мосарава будзе сёлета адрамантаваны за кошт сродкаў, выдзеленых з раённага бюджэту на дарожныя рамонтныя работы.
Вёска Мазурына. Яна непадалёк ад Мосарава. Вёска светлая. Уся абкошаная і прыбраная, бы да свята. І людзі тут ветлыя, адкрытыя. Вядома ж, і ў іх не без праблем: дзе дрэвы аварыйныя спілаваць, дзе накрыўку для калодзежа замяніць. Але вельмі імпануе іх уласная настроенасць на жыццё, імкненне зрабіць яго прыгажэй. Нехта кветкі пасадзіў, упрыгожыў вуліцу, другі лавачку паставіў — і сабе адпачыць, і суседу, трэці прыдумаў павесіць ля дома ліхтар на сонечных батарэях, які без усялякіх электрычных затрат усю ноч свеціць.
Гасціннасцю парадавала вёска Сянькова. Старэйшына вёскі Е. С. Лявонава запрасіла ў дом, у святліцы ўжо сабраліся ўсе вяскоўцы. Гаварылі пра жыццё, вядома ж, і пра надзённыя праблемы. Але не толькі.  Гаварылі пра тое, як важна жыць у вёсцы дружна, дапамагаць адзін аднаму, ладзіць сумесныя святы — з песняй, з гармонікам. Пачын у свой час кінулі старэйшыя, а цяпер глядзіш, ужо і іх унукі падхапілі ініцыятыву, і ўжо часценька запрашаюць сваіх бабуль і дзядуль на святы. Безумоўна, трэба адзначыць ва ўсім гэтым вядучую ролю самой старэйшыны, якая проста выпраменьвае святло і задор. І на гэтым таксама трымаецца непахісны аўтарытэт старэйшыны. І нават на драніках, якія ў яе не цямнеюць. Гаспадыня падарыла рэцэпт (“Проста разам з бульбай трэба пацерці морквы і цыбулі”) і шчодра пачаставала смачнай нацыянальнай стравай. А мы і не адмовіліся. Калі яшчэ так будзе!
Автор Алина ПЕТРОВА.
Опубликовано в №63 от 17.08.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *