Более половины организаций Шумилинского района получили паспорта готовности у отопительному сезону

Новости Экономика

Атрымалі 48 пашпартоў гатоўнасці

Усяго ў нашым раёне пашпарты гатоўнасці павінны атрымаць 77 арганізацый і прадпрыемстваў. Згодна нарматыўных дакументаў усе сістэмы цеплазабеспячэння павінны быць падрыхтаваны да 20 верасня, пашпарты гатоўнасці павінны атрымаць да 30 верасня. На ўчарашні дзень 48 прадпрыемстваў і арганізацый атрымалі пашпарты гатоўнасці

– У раёне вядзецца мэтанакіраваная і сур’ёзная работа па падрыхтоўцы да новага ацяпляльнага сезона, – адзначае інспектар энергагазнагляду Віцебскага МРА філіялу «Энергагазнагляду» Валерый Строкін. – На большасці прадпрыемстваў падрыхтоўку да зімы пачалі адразу пасля завяршэння ацяпляльнага сезона. І самае важнае, што ўсе работы па падрыхтоўцы носяць сістэмны прадуманы характар. Кіраўнікі прадпрыемстваў разумеюць, што якасная падрыхтоўка летам – залог стабільнай работы без надзвычайных сітуацый ў асенне-зімні перыяд.

Першымі ў раёне 14 ліпеня пашпарты гатоўнасці атрымалі Шумілінская СШ № 1 і дзіцячы сад № 4. «Адзначу, што аддзел па адукацыі райвыканкама рыхтуецца да зімы ў цеснай звязцы з Цэнтрам па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. У выніку ўсе ўстановы адукацыі, за выключэннем Шумілінскай СШ № 2, дзе вядуцца рамонтныя работы, атрымалі пашпарты гатоўнасці, – гаворыць Валерый Строкін. – Падобная сітуацыі і па ўстановах аховы здароўя».

Асаблівая ўвага – УП ЖКГ. Менавіта ў іх найбольш вялікія і сур’ёзныя аб’ёмы падрыхтоўкі да новага ацяпляльнага сезона. І ад якасці іх работы залежыць камфорт і цяпло падчас халадоў у нашых з вамі кватэрах і кабінетах. Падрыхтаваць да зімы неабходна і жыллёвы фонд, і 17 цеплакрыніц. « Ва УП ЖКГ вядзецца спакойная сістэматычная работа па падрыхтоўцы да зімы, – расказвае Валерый Строкін. – Ужо атрымалі пашпарты 10 кацельняў. А вось што тычыцца жыллёвага фонду, то пакуль што пашпартоў гатоўнасці, якія павінны быць зарэгістраваны да 20 верасня, няма. Зараз вядуцца работы на цеплапунктах шматкватэрных дамоў. Прычым, спецыялісты УП ЖКГ аператыўна ліквідуюць выяўленыя недахопы». Валерый Строкін падкрэслівае, што прадпрыемства, дзякуючы прафесійна арганізаванай рабоце, павінна ва ўстаноўленыя тэрміны атрымаць усе пашпарты гатоўнасці.

– У цэлым раён практычна гатовы да новага ацяпляльнага сезона, – канстатуе Валерый Строкін. – Хаця некаторыя прадпрыемствы насцярожваюць. Так, напрыклад, на «Вітконпрадукце», Шумілінскім вытворчым цэху ААТ «Полацкі малочны камбінат» і Райаграсэрвісе ёсць пытанні як да цеплакрыніц, так і ў цэлым па падрыхтоўцы. На жаль, пакуль што на гэтых прадпрыемствах не назіраецца станоўчых зрухаў. Але час паправіць становішча і атрымаць у адведзеныя тэрміны пашпарты гатоўнасці ёсць.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *