Как в Шумилино отметили День народного единства

2023 – Год мира и созидания 85 лет Витебской области День народного единства Общество

Пад адным сцягам

Пазітыў, сяброўская атмасфера панавалі на ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных Дню народнага адзінства. Людзі ішлі з Дзяржаўнымі сцягамі Рэспублікі Беларусь і сцягамі Шумілінскага раёна, грамадскіх аб’яднанняў, віншавалі адзін аднаго са святам.

Адкрыў вялікую праграму святкавання Дня народнага адзінства раённы забег «За адзінства».  112 аматараў актыўнага ладу жыцця прабеглі па цэнтральных вуліцах Шуміліна і фінішавалі на лёгкаатлетычнай дарожцы гарадскога стадыёна. Дыстанцыя не стала выпрабаваннем для лёгкаатлетаў і далася спартсменам лёгка, тым больш, што па ўсім шляху іх гучна падтрымлівалі знаёмыя, сябры.

Пераможцамі забегу «За адзінства» ў сваіх узроставых катэгорыях сталі Багдан Ушал і Ксенія Лясняк, Радзівон Бандарык і Кацярына Багданава, Ігар Аляксееў і Алена Сяргеева.

Выкананнем Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, які сімвалізуе адзінства беларусаў, распачаліся ўрачыстасці на гарадскім стадыёне.

Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў да прысутных звярнуўся дэпутат раённага Савета дэпутатаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Руслан Матвейчук:
– Прыміце шчырыя віншаванні з Днём народнага адзінства! Гэта свята сімвалізуе адзінства народа, падкрэслівае пераемнасць пакаленняў. Нам ёсць чым ганарыцца, у нашага раёна і краіны багатае мінулае, а будучыня залежыць ад кожнага з нас.

Яркі канцэрт падрыхтавалі шумілінскія артысты. Як ніколі ўрачыста гучалі патрыятычныя песні, і людзі, якіх багата сабралася на стадыёне, з задавальненнем падпявалі артыстам. Цёпла і душэўна – так, як умее беларускі народ.

Тым часам да стартаў рыхтуюцца 7 сямей з шумілінскіх СШ № 1 і СШ № 2. Цікавыя і арыгінальныя конкурсы, у якіх павінна была быць як спартыўная загартоўка, так і жыццёвая знаходлівасць, успрымаліся на ўра. І таты, і мамы, і дзеці імкнуліся перамагчы. І не бяда, калі ў некага не атрымлівалася – усе адзін аднаго падтрымлівалі. Перамагла сям’я Іваніцкіх, дапоўнілі тройку прызёраў Сторажавы і Зуевы. Усе сем’і, якія ўдзельнічалі ў стартах, атрымалі падарункі ад раённай арганізацыі ГА «Белая Русь».

Шумілінскія асілкі святочны дзень адзначылі ўдзелам у спаборніцтвах па сілавых відах спорту «Волат‑2023», якія прайшла ў рамках раённай спартакіяды сярод арганізацый і прадпрыемстваў на прызы раённага аб’яднання прафсаюзаў. У гіравым спорце лепшыя вынікі паказалі Уладзімір Ціцянкоў, Аляксей Цімафееў і Андрэй Бяззубенка, у падцягванні – Рэнат Мехаў, Артур Давыдоўскі і Юрый Пальвінскі, у адцісканні – Наталля Пучынская, Святлана Котава і Ангеліна Грыцкевіч, у падыманні тулава – Кацярына Багданава, Юлія Русецкая і Вольга Лаўрыненка.

Для тых, каго спартыўныя баталіі не надта цікавілі, на стадыёне былі арганізаваны шматлікія фотазоны, майстар‑класы. Усюды было шмат людзей, прычым пераважна прыйшлі на свята сем’ямі.

Завяршылася святочная праграма ў Шуміліне прэм’ерным паказам у раённым цэнтры культуры мастацкай стужкі «На другім беразе».

Перамога «Нядрэннай кампаніі»

14 верасня адбыўся трэці тур інтэлектуальных спаборніцтваў «Гульні розуму», які быў прысвечаны Дню народнага адзінства. Барацьба за трэцюю ў сезоне саву была вельмі ўпартай: як мінімум чатыры каманды з шасці ішлі ачко ў ачко, з невялікім адрывам ад канкурэнтаў перамагла «Нядрэнная кампанія» Шумілінскай СШ № 1. Арганізатарамі турніру выступілі раённы цэнтр культуры, райкам ГА БРСМ і раённае аб’яднанне прафсаюзаў.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.

«Разам за адзіную і квітнеючую Беларусь!»

Раённы аўтапрабег з такой назвай ініцыявала да Дня народнага адзінства раённая арганізацыя РГА «Белая Русь», запрасіўшы да ўдзелу актывістаў раённай арганізацыі і грамадскіх аб’яднанняў.

Адпраўной кропкай маршруту стала Алея Славы, на якой ўдзельнікі аўтапрабегу ўсклалі кветкі да стэлы нашага земляка Героя Беларусі А. І. Дубко. Маршрут ляжаў праз аг. Мікіціха, дзе былі ўскладзены кветкі на брацкія могілкі, да аграгардка Кардон, дзе ўдзельнікі мерапрыемства сталі сведкамі ўрачыстасцяў з нагоды адкрыцця мемарыяльнай дошкі А. І. Дубко ў Кардонскай СШ, дзе вучыўся славуты зямляк.

Пасля ўдзелу ў дыялогавай пляцоўцы, якую правёў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, удзельнікі аўтапрабегу адправіліся ў Обальскую СШ і Мікіціхінскую СШ на дыялогавыя пляцоўкі, дзе данеслі вучням сэнс і ідэі маладога дзяржаўнага свята.

Помніць нашу гісторыю

15 верасня ў Шуміліне каля помніка ахвярам Шумілінскага гета, прайшоў мітынг «Мір і адзінства – сіла народа», прысвечаны Дню народнага адзінства.

« Помніць і несці гістарычную памяць далей, перадаваць будучым пакаленням – гэта самае малое, што мы можам зрабіць, падкрэсліла першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя Бяляева. – Напярэдадні дзяржаўнага свята моладзь Шуміліншчыны далучылася да міжнароднага гістарычнага праекта «Лічбавая зорка».

На помнік быў устаноўлены лічбавы QR‑код. Цяпер кожны жадаючы з дапамогай смартфона можа атрымаць інфармацыю пра гэта святое месца.

Адзінства нас аб’ядноўвае

Адзін у полі не воін, а разам мы сіла. У розных справах. У тым ліку і пытаннях догляду за помнікамі. І такія справы асабліва аб’ядноўваюць.

Навядзенне парадку і добраўпарадкаванне помніка на месцы расстрэлу мірных жыхароў у 1941‑1944 гг. у райцэнтры да Дня народнага адзінства ініцыяваў Шумілінскі гісторыка‑краязнаўчы музей і раённая ветэранская арганізацыя. Адразу адгукнуліся актывісты арганізацыі, нераўнадушныя сталыя жыхары Шуміліна, узяўшы ў рукі косы, граблі і рыдлёўкі. Некаторыя з іх, як, напрыклад, Арсенцій Барысавіч Волкаў, размянялі восьмы дзясятак, але прынцыпам, высокім ідэям і энтузіязму непадуладны гады.

Не засталіся ў баку і верныя пастаянныя памочнікі – члены ваенна‑патрыятычнага клуба «Юны гвардзеец» СШ № 1 на чале з кіраўніком настаўнікам гісторыі Сяргеем Сахончыкам, старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Людміла Шаўцова. А вось удзел работнікаў ТЦСАН і іх падапечных стаў прыемнай нечаканасцю. Такой адзінай згуртаванай камандай з уборкай помніка справіцца было намнога лягчэй. Пасля ўсе разам усклалі кветкі да помніка, ушанавалі памяць загінуўшых землякоў. Зрабілі гэта не на словах, а на справе.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *