Як папярэдзіць страшны сіндром?
Апошнім часам медыкі ўсё часцей сутыкаюцца з такім паняццем, як сіндром раптоўнай дзіцячай смерці (раптоўнае спыненне дыхання ў немаўляці). У народзе гэта называюць “смерцю ў калысцы”. Здараецца падобнае звычайна ў сне на працягу першага года жыцця.
Спецыялісты мяркуюць, што пэўную ступень рызыкі раптоўнай смерці ў перыяд маленства закладвае для дзіцяці не хто іншы, як … яго маці, прычым яшчэ ў перыяд цяжарнасці. Вывучэнне вялікай колькасці выпадкаў нечаканай дзіцячай смерці дазволіла выявіць значную сувязь паміж гэтай з’явай і некаторымі, скажам так, асаблівасцямі паводзінаў цяжарнай маці. Курэнне, прыём алкаголю і наркотыкаў, невыкананне элементарных патрабаванняў акушэраў-гінеколагаў могуць прывесці да падобнага няшчасця. Адзначана таксама, што часта раптоўная смерць спасцігае дзяцей юных матуль, а таксама ў тых сем’ях, дзе дарослыя кураць у прысутнасці немаўляці.
Існуе шэраг фактараў, якія павышаюць рызыку раптоўнай смерці ў дзяцей:
цяжкія роды (тазавае прадлежанне плода павялічвае рызыку ўзнікнення СРДС у 7 разоў);
курэнне і ўжыванне наркотыкаў у час цяжарнасці, а таксама цяжкія захворванні, пераненсеныя маці ў гэты перыяд;
неданошанасць;
дзеці з двойні ці тройні;
сон на жываце;
занадта мяккая пасцель і празмернае ўхутванне немаўляці.
Як папярэдзіць гэты страшны сіндром?
Найперш адмовіцца ад курэння і ўжывання алкаголю ў перыяд цяжарнасці і кармлення.
Як мага даўжэй карміць мацярынскім малаком.
Правільна зладзіць месца для сну: у немаўляці павінны быць прасторны зручны ложак, матрасік без падушкі і мяккіх посцілак.
Тэмператрура ў памяшканні, дзе спіць малы, не павінна быць высокай, аптымальна — 20-22 градусы, пакой пастаянна праветрывайце, не дапускайце, каб у пакоі курылі.
Ну, і канешне, дзіця кожную хвіліну павінна знаходзіцца пад пільнай увагай.
І апошняе. Усё, што тычыцца вашага дзіцяці, — вельмі індывідуальна і непаўторна. Таму не саромейцеся турбаваць пытаннямі педыятра.
Л. СУХАНАВА, раённы педыятр.
Опубликовано в №64 от 20.08.2010