Олимпийские надежды Шумилинщины. Обольские борцы пополняют спортивные училища области

Молодёжь Спорт, туризм

АЛІМПІЙСКІЯ НАДЗЕІ ШУМІЛІНШЧЫНЫ

Выходзяць і перамагаюць

Обальскае аддзяленне грэка-рымскай барацьбы Шумілінскай СДЮШАР можна назваць кузняй прафесійных спартсменаў. За гады работы нязменны трэнер аддзялення Пётр Ганушчанка выхаваў каля 70 кандыдатаў у майстры спорту і майстроў спорту. Пётр Васільевіч пастаянна рыхтуе новых спартсменаў для вучылішчаў алімпійскага рэзерву.

Зараз трое выхаванцаў Пятра Ганушчанкі – дзесяцікласнік Сардор Юсупаў, адзінаццацікласнік Цімафей Карасёў і дзевяцікласнік Яўген Ліпчанка – вучацца ў Віцебскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Усе трое – кандыдаты ў майстры спорту, прычым Яўген Ліпчанка атрымаў званне ў 14 год, і гэта яскравае сведчанне таленту юнага барца. У апошні час спартсмены маюць гучныя дасягненні: Яўген Ліпчанка стаў чэмпіёнам краіны і ўдзельнічаў у еўрапейскім першынстве сярод школьнікаў, Цімафей Карасёў і Сардор Юсупаў заваявалі другое і трэцяе месцы на рэспубліканскіх «Алімпійскіх днях моладзі па грэка-рымскай барацьбе».

«Цімафея ў секцыю прывёў дзядуля Уладзімір Сцяпанавіч Луз-гін, падпалкоўнік міліцыі, які жыў у в. Масцішча, калі хлопчык быў у старэйшай групе дзіцячага сада. Прывёў і сказаў: «Вырасці з яго чэмпіёна!», – успамінае трэнер. – На першых трэніроўках хлопец не разгубіўся і праз месяц амаль на роўных супрацьстаяў старэйшым».

Дэбютаваў Цімафей на обальскім турніры ў вагавой катэгорыі 26 кг. І адразу заняў першае месца. Зараз хлопец выступае ў вазе 65 кг. За ўвесь час выступленняў ён прайшоў праз 12 (!) вагавых катэгорый. І ў кожнай станавіўся лепшым. Як адзначае Пётр Ганушчанка, Цімафей псіхалагічна стабільны, умее настроіць сябе на паядынкі.

Сардор і Яўген пачалі займацца грэка-рымскай барацьбой у 2-ім класе. Самі выбралі гэты від спорту і жадалі перамог. Але ж іх шлях на барцоўскім дыване быў даволі складаным. Справа ў тым, што аднаму ў большасці прыходзілася змагацца супраць старэйшых на адзін-два года барцоў, а другому – на адну вагавую катэгорыю вышэй (сапернікі важылі на 2-5 кг больш). «Зразумела, што хлопцам цяжкавата было выступаць, – расказвае Пётр Ганушчанка. – Але ў іх сапраўдныя байцоўскія характары. Калі выйшаў на дыван, то змагайся да апошняга. Калі прайграў, то ідзі яшчэ больш трэніруйся».

Спачатку ў Сардора Юсупава і Яўгена Ліпчанкі было не шмат прызавых месцаў. З кожным турнірам, кожным стартам яны набіраліся вопыту, уменняў, падрабязна разбіралі з трэнерам прайграныя паядынкі. Гады праз два літаральна з кожнага турніру хлопцы пачалі прывозіць прызавыя месцы. Гэта надавала ім яшчэ большай упэўненасці і жадання трэніравацца. Пётр Ганушчанка не раз гаварыў пра гэтых барцоў – прыйдзе іх час, і яны пакажуць сябе ва ўсёй прыгажосці. Здаецца, сёлетні год спраўджвае словы трэнера.

– Цімафей, Сардор, Яўген – таленавітыя і працалюбівыя хлопцы, – падсумоўвае Пётр Ганушчанка. – Яны атрымліваюць асалоду як ад перамог, так і ад самой барацьбы. І калі барцы змогуць развіваць патэнцыял, ім гарантаваны перамогі на самых вялікіх міжнародных стартах. Дарэчы, Сардор Юсупаў у лістападзе едзе са зборнай Беларусі на міжнародны турнір «Сіла традыцый» у Кемерава. Спадзяюся, што ён паўторыць выступленне Вадзіма Грачухіна, які ў свой час выйграў спаборніцтвы.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *