Ровесники области. Работники ТЦСОН поздравили юбиляров Шумилинщины с 85-летием

85 лет Витебской области Людзі і лёсы Общество

Працавалі і жывуць па сумленні

Н. В. Маруцько.

16 кастрычніка загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Аксана Аўчыннікава і інспектар па асноўнай дзейнасці цэнтра Марыя Осіпава адправіліся па населеных пунктах раёна з пачэснай місіяй – павіншаваць падапечных цэнтра з 85-гадовымі юбілеямі. Адметна, што два юбіляры – Ніна Васільеўна Маруцька і Надзея Сямёнаўна Маркіянава – нарадзіліся ў Дзень маці.

Напачатку накіраваліся да абальчанкі Ніны Васільеўны Маруцька. Жанчына ўсё жыццё жыве ў Обалі, спачатку працавала на торфапрадпрыемстве імя Даўмана, затым – швачкай у цэху КІМ. На яе вачах набываў новы выгляд родны пасёлак. «Памятаю, як узводзіліся новыя шматпавярховыя дамы, – расказвае яна. – Спачатку была школа драўляная, і знаходзілася ў мікрараёне торфапрадпрыемства, туды я пайшла ў першы клас. Затым школа была каля сённяшняга музея, нас, вучняў, праз раку на лодцы перавозілі». Разам з мужам выхавалі двух дачок, адна зараз жыве ў Наваполацку, другая – у Маскве. Асаблівая радасць для Ніны Васільеўны, калі да яе прыязджаюць яе чатыры унукі і пяць праўнукаў. На юбілей прыехалі практычна ўсе родныя. У панядзелак яе кватэра патанала ў кветках.

Поздравления принимает Н. С. Маркиянова.

Надзея Сямёнаўна Маркіянава родам з Купніна, большую частку жыцця жыве ў Клётчыне. Пасля 10 класаў пайшла паляводам у калгас «Рассвет». «У той час старшынёй калгаса стаў Іван Маркіянаў, – расказвае жанчына. – Ён мяне і прыгледзеў. Пасля вяселля пераехалі ў Клётчына. У 1975 годзе муж заўчас-на пайшоў з жыцця, але тыя 16 год сумеснага жыцця былі са-мымі шчаслівымі». Дарэчы, менавіта муж настаяў на тым, каб Надзея пайшла вучыцца ў Полацкі бухгалтарскі тэхнікум. Амаль 30 год яна адпрацавала на бухгалтарскіх пасадах у калгасе імя Мічурына. У Надзеі Сямёнаўны дачка Таццяна працуе ўрачом у Наваполацку, сын Сяргей – на Ігналінскай АЭС, ёсць трое ўнукаў і пяць праўнукаў. На дзень нараджэння жанчыну павіншавалі не толькі родныя, але і былыя калегі.

М. Ф. Семенюго.

Марыя Францаўна Семянюга родам з вёскі Шэдзькі. Пасля заканчэння чыгуначнага тэхнікума вярнулася ў родную вёску, працавала паштальёнам. «Пошту насіла ў чатыры вёскі, – успамінае жанчына. – Праўда, вёскі на той час былі вялікія, і практычна ў кожную хату выпісвалі па некалькі газет. Так што сумка атрымлівалася важкая». Затым выйшла замуж і нарадзіла чатырох дзяцей.

У 1976 годзе пачала працаваць брыгадзірам у «Ленінскім пры-зыве». «Не было шмат тэхнікі, большасць работ рабілі ўруч-ную, – успамінае жанчына. – Усе стараліся. Таму і ўраджаі былі неблагія». У 1983 годзе сям’я пераехала ў Мішкавічы, дзе Марыя Францаўна жыве і сёння. Кожны дзень нараджэння для Марыі Семянюга – добрая нагода сустрэцца з роднымі і знаёмымі. Так было і сёлета, праўда, віншаванняў было больш – усё-такі 85-гадовы юбілей.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *