Диалог поколений ВЛКСМ-БРСМ, посвящённый 105-летию комсомола, прошёл в Шумилинском историко-краеведческом музее

Актуалии Главное Молодёжь Общество

Дыялог пакаленняў: УЛКСМ – БРСМ

29 кастрычніка 1918 года прайшоў I з’езд Расійскага камуністычнага саюза моладзі, які ў 1922-м быў пераўтвораны ва Усесаюзны камуністычны саюз моладзі, а ў 1924 годзе яму было прысвоена імя «Ленінскі». З нагоды юбілею маладзёжнай арганізацыі 24 кастрычніка раённая арганізацыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі арганізавала на базе Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея сустрэчу ветэранаў камсамольскага руху Шуміліншчыны з моладдзю раёна – піянерамі і членамі БРСМ, якая прайшла пад дэвізам «Дыялог пакаленняў: УЛКСМ – БРСМ».

Былыя сакратары Шумілінскага райкама камсамола Раіса Шах, Алена Пузікава, Алена Васілеўская, Аляксандр Штокін, актывісты камсамольскага руху Віктар Бабічаў, Вольга Аўчыннікава, Аляксандр Захаранкаў дзяліліся ўспамінамі, парадамі, адказвалі на пытанні. Так, Вольга Аўчыннікава расказала, як пасля аднаўлення Шумілінскага раёна ішло фарміраванне структуры раённай камсамольскай арганізацыі, калі супрацоўнікі райкама пешшу ці на спадарожным транспарце дабіраліся да аддаленых куткоў раёна, каб сустрэцца з моладдзю, паўдзельнічаць у камсамольскіх сходах, дапамагчы з арганізацыйнымі пытаннямі.

Раіса Шах расказала, як арганізоўваліся маладзёжныя справы, што першы сакратар райкама камсамола быў членам бюро райкама кампартыі, што надавала аўтарытэту і вагі мала­дзёжнаму лідару, дапамагала вырашаць многія пытанні напрамую з кіраўніцтвам арганізацый і прадпрыемстваў.

Віктар Бабічаў успомніў камсамольскую дзейнасць у студэнцкую пару, нагадаў, што ў раёне дзейнічалі камсамольска-маладзёжная будаўнічая брыгада, камсамольска-маладзёжныя брыгады ў жывёлагадоўлі, якія былі прыкладам па вытворчых паказчыках, у арганізацыі работы.

Усе выступоўцы адзначалі вялікую колькасць маладзёжных ініцыятыў і спраў, якія рэалізоўваліся і дапамагалі паляпшаць узровень жыцця ўсяго насельніцтва раёна.

Пра апошнія гады дзейнасці УЛКСМ расказала былы кіраўнік раённай камсамольскай арганізацыі Алена Пузікава, а Людміла Шаўцова ўспомніла, як пачалося стварэнне новых маладзёжных арганізацый, якія ў выніку аформіліся ў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Ветэраны-камсамольцы параілі сучаснай моладзі больш чытаць кніг пра моладзь мінулага, каб ведаць пра працоўныя і баявыя подзвігі папярэдніх пакаленняў (нагадалі творы Мікалая Астроўскага «Як загартоўвалася сталь»і  Аляксандра Фадзеева «Маладая гвардыя»), глядзець фільмы пра гісторыю нашай краіны. Аляксандр Штокін нагадаў пра подзвіг нашых землякоў – обальскіх падпольшчыкаў. «Каб не растварыцца ў сучасным свеце, трэба быць патрыётам – сваёй вёскі, горада, раёна, патрыётам краіны», – падкрэсліў Аляксандр Мікалаевіч.

Вікторыя Бяляева, першы сакратар райкама БРСМ, уручыла падзякі і сувеніры шумілінскім школьнікам, якія летам найбольш актыўна працавалі ў студатрадах ў будаўнічых і сельскагаспадарчых арганізацыях раёна, а ідэолаг Шумілінскай  ПМК‑70 Марына Шыраева ўручыла ім падарункавыя сертыфікаты.

Сустрэча атрымалася цікавай, шчырай і пакінула добрыя ўражанні ва ўсіх удзельнікаў.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *