Ровесники области. Людмила Щедрова: в жизни помогает оптимизм

85 лет Витебской области Людзі і лёсы

Па жыцці дапамагае аптымізм

– Алё, бабуля, ці бачыла мяне ў раённай газеце, як мы выступалі на свяце хлебаробаў у Амбросавічах? – тэлефануе Людміле Шчадровай з в. Прыазёрная ўнук Міхаіл з Обалі.

– А як жа, бачыла, чытаю ж «Герой працы» пакуль без акуляраў, мне ж усяго 85 гадоў, а не сто, – жартуе Людміла Паўлаўна. – Малайчына, унучак! Відаць, добра вы праспявалі. Прыязджай у госці і ніколі не віншуй мяне з Днём пажылых людзей. Прымаю віншаванні толькі з Днём моладзі!

Такая яна па жыцці – аптымістычная і жартаўлівая. Гэта, кажа юбіляр, дапамагае ў многіх сітуацыях зняць напружанне і стрэс не толькі самой, але  родным. На любую сітуацыю ў жыцці жанчына глядзіць з розных бакоў, аналізуе, шукае выйсце і вырашэнне.

Жыццё Людмілы Шчадровай не было бестурботным, бо яна дзіця вайны. Калі пачалася Вялікая Айчынная, бацька пайшоў на фронт, а сям’ю з вёскі Прыазёрная эвакуіравалі ў Далуева. «Ехалі мы ўчатырох: мама, я і дзве бабулі, – згадвае Людміла Паўлаўна. – А вярнуліся толькі я і бабуля. Астатнія памерлі ад тыфу».

Галодныя пасляваенныя гады, будаўніцтва дамоў у Прыазёрным – усё гэта памятае Людміла Шчадрова, якая адразу пасля школы пайшла працаваць на мясцовы льнозавод. У 50-ыя гады ён быў аднапаточны, сыравіну вазілі на конях, было шмат ручной працы. Людміла Шчадрова была ў перадавіках. У 1966 годзе кандыдатуру маладой камуністкі прапанавалі ў склад дэлегацыі Віцебскай вобласці на 26-ы з’езд Камуністычнай партыі Беларусі. Тут яна ўпершыню ўбачыла першага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Пятра Міронавіча Машэрава. Гэта сустрэча была не апошняй.

«Машэраў прылятаў на верталёце ў вёску Прыазёрную ў 1976 годзе, калі адкрылі новы льнозавод, дзе ўладкавалася на работу больш за сто чалавек, – успамінае Людміла Паўлаўна. – Ён з усімі работнікамі павітаўся за руку, потым павіншаваў з адкрыццём новага завода, пажадаў поспехаў. А поспехі ў нас былі: толькі адна змена апрацоўвала больш за тону льнотрасты. У прыпар рупіліся без выхадных, бо сыравіны было дастаткова. На той час кожнае сельгаспрадпрыемства вырошчвала лён, які ішоў на экспарт. Добра памятаю, што яго адпраўлялі ў Бельгію і іншыя краіны».

Тут жа, на льнозаводзе, інструктарам пажарна-вартаўніковай аховы працаваў і муж Людмілы Паўлаўны Аляксей Рыгоравіч. Разам яны пражылі больш за паўсотню год, выхавалі сына і дачку. Зараз Людміла Шчадрова жыве адна, дапамагаюць дзеці. Стараецца ўсё рабіць сама: і печку паліць, і суп варыць, і бабку бульбяную пячэ. Вельмі любіць, калі прыязджаюць унукі і праўнукі.

«У мяне іх многа, – пахвалілася жанчына. – Унукаў пяцёра, ва ўсіх ужо сем’і. А з трынаццаці праўнукаў яшчэ пакуль ніводнага не ажаніла. Таму паміраць мне нельга, трэба дачакацца іх вяселляў».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *