Дожить до ста

Людзі і лёсы

“Тады вырашыў: абавязкова жыць!”

І. А. Жогаля з юбілеем віншуе старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава

Івану Антонавічу Жогалю з вёскі Гусінцы споўнілася дзевяноста гадоў. Важкі ўзрост. Шаноўны. Азіраючыся на пражытыя гады, юбіляр робіць выснову: усё жыццё жыў зусім не дзеля сябе – дзеля дзяцей і сям’і, дзеля свабоды і дабрабыту краіны. Але ён не крыўдуе на лёс, не скар-дзіцца, а ганарыцца, што зрабіў шмат карысных і добрых спраў у жыцці. На думку Івана Антонавіча, на рахунку сапраўднага мужчыны павінны быць толькі добрыя справы.
Іван Антонавіч – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Ваяваў на першым Прыбалтыйскім фронце. Радавы стралок Жогаль вынес з поля бою параненага таварыша. Але сам не ўратаваўся. “Помню, прыйшлі мы з разведкі, – расказвае ветэран. – Узяўся чысціць кулямёт, як раптам чую: гарачым агнём палае нага. Гэта фашысцкі снайпер уцэліў у мяне. Потым яшчэ раненне, больш цяжкае. Не помню нават, хто мяне прывёз у шпіталь. Калі апрытомнеў – галава перабінтаваная, перад вачыма ўсё плыве. Шпіталь быў перапоўнены, таму ляжаў на калідоры. Запомніліся чыісьці кінутыя ў мой бок словы: “Ды няхай тут ляжыць, не жылец ён ужо”… Я не мог размаўляць, але тады вырашыў: абавязкова жыць!”
Выжыў. Нягледзячы на тое, што ўрачы адмовіліся рабіць складаную аперацыю на галаве, даставаць асколкі – вельмі небяспечна. Так і жыве больш за шэсцьдзесят гадоў з асколкамі. Праўда, часта яны нагадваюць аб сабе – вельмі баліць галава. Але І. А. Жогалю цярпення не займаць, ён чалавек моцнага характару і моцнай сілы волі. І ў ваенным жыцці, і ў мірным.
Пасля вайны Іван Антонавіч вывучыўся ў Мінску на настаўніка. Спачатку працаваў ва Ушацкім раёне, а потым пераехаў на родную Шуміліншчыну – уладкаваўся настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Мікалаёўскай васьмігадовай школе. Дарэчы, педагагічны стаж Івана Антонавіча – больш за сорак гадоў, ён ветэран працы. Гэта дадатак да ваенных узнагарод: ордэна Айчыннай вайны першай ступені, 11 медалёў. Пінжак з узнагародамі – на самым шаноўным месцы, апранае яго толькі ў самыя святочныя дні. Такім днём быў і юбілей, калі павіншаваць ветэрана завіталі старшыня раённай арганізацыі ветэранаў К. Ф. Палоўнікава (на здымку) і старшыня Мікалаёўскага сельвыканкама А. І. Казлоўскі. Мы далучаемся да іх шчырых віншаванняў і зычым юбіляру здароўя і яшчэ доўгіх гадоў жыцця.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №92 ад 26.11.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *