Свой юбилей ровесница нашей газеты Клавдия Казакова отметит в День Октябрьской революции

Людзі і лёсы Общество

На свята Кастрычніка – дзень нараджэння

Не толькі свята Кастрычніка, але і ўласны дзень нараджэння, да таго ж, юбілей – 90 гадоў, адзначае 7 лістапада  жыхарка райцэнтра, наша пастаянная чытачка і равеснік раённай газеты Клаўдзія Антонаўна Казакова.

 

«Што было ў савецкія часы важнейшым – уласнае свята ці грамадскае? Вядома, на першым плане – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, – расказвае Клаўдзія Антонаўна. – Збіраліся калектывамі, ішлі са сцягамі і транспарантамі на дэманстрацыю, якая праходзіла на вуліцы Ленінскай. У Шуміліне было гучна і весела. Асабліва запомніліся 70-ыя гады, калі я працавала намеснікам галоўнага бухгалтара ў сельгасхіміі. Наша прадпрыемства перамагло ў сацыялістычным спаборніцтве  і атрымала пераходзячы Чырвоны Сцяг. Таму мы заслужылі права ісці на дэманстрацыі ў першых радах. З чырвонага матэрыялу, выдадзенага строга па разнарадцы, пашылі стужкі з надпісамі  “Слава перадавікам!”».

А вечарам збіраліся самыя родныя і блізкія, каб павіншаваць імянінніцу.

К. А. Казакова родам з Талачыншчыны, прыехала ў наш раён у 1953 годзе  пасля заканчэння Смілавіцкага сельгастэхнікума, дзе вывучылася на бухгалтара. Спачатку працавала ў Ульскай машынна-трактарнай станцыі (МТС) у Мікалаеве, дзе пазнаёмілася з механікам Пятром, будучым мужам, які быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны.

Калі расфарміравалі Ульскую МТС, Казаковы хацелі пераехаць ва Ушацкі раён, але райкам партыі не даў дазвол, аргументуючы тым, што «не могуць адпусціць з раёна адразу дваіх камуністаў». Таму сям’я засталася ў раёне, уладкавалася ў Сіроцінскую МТС. «Беднае было жыццё, – прызнаецца Клаўдзія Антонаўна. – Пасля інтэрната нам далі кватэру на дзве сям’і. У адным пакоі жыў нарміроўшчык Антон Цынгель, у другім туліліся мы з мужам, сын Вова і мая маці. Але ніхто не скардзіўся на жыццё – мы ж камуністы. Мой тата быў старшынёй сельсавета на Талачыншчыне, удзельнічаў у арганізацыі калгасаў. І імя для мяне нават выбраў Клара (у гонар Цэткін), але заўпарціўся дзядуля, таму запісалі мяне Клаўдзіяй».

К. А. Казакова была сакратаром партыйнай арганізацыі райсельгастэхнікі, потым працавала тут галоўным бухгалтарам, неаднаразова абіралася дэпутатам Шумілінскага пасялковага Савета, была актыўным удзельнікам раённага жансавета, народным засядацелем у судзе. Паўтара дзясятка гадоў адпрацавала  сакратаром Шумілінскага пасялковага савета.

Клаўдзія Антонаўна  дакладна помніць, што ў 1979 годзе згодна з перапісам у райцэнтры пражывала амаль 9800 чалавек.

«Гарэла на рабоце», – кажуць пра Клаўдзію Антонаўну яе былыя калегі. Выканаўчая, адказная, шчырая і ветлівая з людзьмі, яна заўсёды ішла ім насустрач.  І калі цяпер нехта кажа, што трэба берагчы сябе ад работы, каб даўжэй пражыць, Клаўдзія Антонаўна дакладна ведае, што гэта няпраўда. Усё даецца ўсявышнім, пераканана яна, яна ж вытрымала чатыры аперацыі, перанесла клінічную смерць, многа працавала. Сілы надавала сям’я: муж (пайшоў з жыцця 22 гады таму) і двое сыноў.

«А яшчэ я вельмі люблю дапамагаць людзям, рабіць ім дабро, – кажа жанчына. – Гэта натхняе мяне, прыдае сілы. Ні з кім ніколі не сварылася. А самы незвычайны дзень нараджэння быў ў мяне на 50-годдзе. Тады я адпачывала ў санаторыі ў Лётцах, павіншаваць мяне прыехала цэлая дэлегацыі на чале з першым сакратаром райкама партыі Уладзімірам Пясоцкім».

Клаўдзія Антонаўна ганарыцца сынамі і нявесткамі, чатырма ўнукамі і чатырма праўнукамі. Для іх на свята пячэ пірагі, варыць студзень і частуе блінчыкамі з капуснай начынкай. А ў вольны час разгадвае сканворды, спявае песні і чытае «на адным уздыху, ад коркі да коркі» кожны нумар любімай раённай газеты.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *