Праздник для учащихся ЦКРОиР и учреждений образования района прошёл на базе Шумилинской СШ №1

Новости Образование Общество

Моцныя сярод роўных

25 лістапада раённым святам «Спартыўнай дружбай мы моцныя» стартаваў тыдзень мерапрыемстваў, прысвечаных Дню інвалідаў. У мерапрыемстве бралі ўдзел навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна і Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

У  фае Шумілінскай СШ № 1, на базе якой праходзіла мерапрыемства, сустракала выстава “Нашы рукі не для нуды”, дзе былі прадстаўлены работы Канстанціна Радзіоненкава і Аляксея Куралёнка, выкананыя ў розных тэхніках: саломка, стрынг-арт, аплікацыя, выпілоўванне лобзікам. Жадаючыя ўдзельнічалі ў казачнай віктарыне, выконвалі развіваючыя заданні на інтэрактыўным стале. Але галоўная падзея разгарнулася ў спартыўнай зале.

Поспехаў і добрага настрою пажадаў удзельнікам начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Руслан Матвейчук падчас урачыстага адкрыцця святочнага мерапрыемства. “Спартыўнай дружбай моцныя” – так называлася спартландыя з удзелам трох каманд, у якія ўваходзілі навучэнцы ЦКРНіР і ўстаноў адукацыі. Дзеці з азартам і радасцю выконвалі заданні: забівалі футбольны мяч і закідвалі ў кошык баскетбольны, поўзалі і скакалі, навыперадкі “збіралі грыбы” і “саджалі бульбу”.

На кожнай станцыі дзецям дапамагалі педагогі ЦКРНіР і школьнікі-валанцёры з шумілінскіх СШ №1і СШ №2. А ў перапынках паміж этапамі спартландыі ўдзельнікі танчылі разам з танцавальным калектывам “Вясёлка” раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Гарачую эмацыянальную падтрымку ўсім удзельнікам забяспечылі балельшчыкі: бацькі, сваякі і педагогі ўстаноў адукацыі. У выніку перамаглі ўсе. Кожны ўдзельнік атрымаў імянны медаль і салодкі падарунак.

“Людзям з абмежаванымі магчымасцямі прыходзіцца быць мацнейшымі, каб быць роўнымі ў грамадстве. Яны больш настойлівыя,паслядоўныя і ўпартыя ў дасягненні пастаўленай мэты. І мерапрыемства, якое прайшло, стала яскравым пацвярджэннем гэтага”, – адзначыла, падводзячы вынікі мерапрыемства, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. Яна выказала словы ўдзячнасці бацькам, якія праяўляюць вялікае цярпенне і падтрымліваюць сваіх дзяцей, педагогам, якія працуюць з дзецьмі і дапамагаюць ім расці, пазнаваць свет, пажадала поспехаў і запрасіла ўсіх 2 снежня на раённае мерапрыемства, якое пройдзе ў раённым цэнтры культуры да Дня інвалідаў.

Майстар-класы па вырабу з розных матэрыялаў сувеніраў, аб’яднаных сімвалам свята – выявай сэрца, правялі педагогі РЦДМ. А ў завяршэнне старшыня раённай арганізацыі “Беларускага та-варыства Чырвонага Крыжа” Таццяна Казакова запрасіла ўдзель-нікаў мерапрыемства на чаяванне і салодкі стол.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *