Вторсырьё: как превратить отходы в доходы

Экология Экономика

Адыходы – у даходы
Штогод у Беларусі ўтвараецца больш за тры мільёны бытавога смецця. Прычым, з кожным годам гэты аб’ём павялічваецца прыкладна на 20%. Большасць адыходаў складзіруюцца на звалках і палігонах. У нашым раёне іх налічваецца 26, два з іх –  палігоны цвёрдых камунальных адыходаў у Шуміліне і Обалі. За нездавальняючае ўтрыманне палігонаў сёлета спецыялістамі  раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя складзена 9 пратаколаў.
Па ацэнках спецыялістаў, больш за 60% усіх адыходаў – гэта патэнцыяльная другасная сыравіна, якую можна перапрацаваць і з выгадай рэалізаваць. Яшчэ 30% – гэта арганічныя адыходы, якія можна ператварыць у кампост.
На перапрацоўцы смецця ва ўсім свеце зарабляюць грошы. А мы па іх ходзім у прамым сэнсе гэтага слова. Большую частку смецця, што вывозіцца на звалкі, можна перапрацаваць і атрымаць ад гэтага экалагічную і эканамічную выгаду.
У Беларусі прынята Рэспубліканская праграма  абыходжання з камунальнымі адыходамі. Рэгіянальная праграма зацверджана і ў нашым раёне. Арганізаваць вытворчасць па збору і перапрацоўцы смецця ўпаўне рэальна.
Згодна з  Законам Рэспублікі Беларусь “Аб абыходжанні з адыходамі”,  другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ў рэспубліцы лічацца тыя адыходы, якія могуць быць уцягнуты ў абарот і для якіх у Беларусі ёсць аб’екты па выкарыстанні гэтых адыходаў. У цяперашні час у рэспубліцы, у тым ліку і ў Віцебскай вобласці, працуюць прадпрыемствы па збору і перапрацоўцы адыходаў чорнага і каляровага лому, драўніны, шкла, пластмасы (поліэтылену, поліпрапілену, полістэролу), макулатуры, зношаных аўташын і інш. Ёсць прадпрыемствы і па ўтылізацыі таксічных ртуцеўтрымліваючых адыходаў.
Хочацца нагадаць прадпрыемствам і жыхарам раёна, што адыходы лома чорных і каляровага металаў прымаюць УП “Віцебскдругасчэрмет” і Віцебскі цэх УП “Белколермет”. ЗАТ “Віцебскі завод палімерных вырабаў” ажыццяўляе прыём поліэтыленавай плёнкі, пластмасы, ПЭТФ-тары. ЗАТ “Экалогія-121” прымае адпрацаваныя люмінесцэнтныя лямпы. Умовы прыёму наступныя: лямпы павінны быць у кардонных упакоўках (як пры пакупцы), а пры іх адсутнасці – у папяровых пакетах па 20-30 штук, звязаныя з абодвух бакоў.
ПРУП “Беларускі цэментны завод” (г. “Касцюковічы”), ААТ «Чырвонасельскбудматэрыялы» (Ваўкавыскі раён), ЧПТУП “Рэгенератны завод” (г. Магілёў) прымаюць шыны ў якасці паліва. Умовы прыёму наступныя: шыны павінны быць раздзелены на групы: з металічным і тэкстыльным кордам, не больш 1,2 метра ў дыяметры, у чыстым выглядзе.
Нарыхтоўку другаснай сыравіны вядзе і райспажыўтаварыства. Сюды можна здаць макулатуру, тэкстыль, шклобой, лом чорны і каляровы, пластмасу і многае іншае.
Дзеючым Законам Рэспублікі Беларусь “Аб абыходжанні з адыходамі” захаванне другасных матэрыяльных рэсурсаў на палігонах забараняецца. У адваротным выпадку прадугледжана адміністрацыйная адказнасць: штраф на фізічную асобу – ад 5 да 50 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – да 200 базавых велічынь, на юрыдычную асобу – да 500 базавых велічынь.
І. БЛІЗНЕЦ, галоўны спецыяліст райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Надрукавана ў №46 ад 12.06.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *