А по вечерам бывшая доярка читает районную газету

Общество Экономика

За добрую работу – паездка ў Балгарыю
Нагодай для гэтай публікацыі стала размова з нашым пастаянным чытачом з Башнёў, намеснікам старшыні раённага савета ветэранаў і былым старшынёй калгаса імя Энгельса Л. В. Пагарэльскім. Ветэран працы сочыць за навінамі ў раёне, падказвае карэспандэнтам прозвішчы працавітых людзей, якія дастойны быць на старонках газеты.  “Напішыце пра Галіну Васільеўну Хмыльнікаву з Язвіна, калісьці разам працавалі з ёй і яе мужам”,  – меў да нас просьбу Леанід Вячаслававіч.
І вось мы ў Язвіне. Вяскоўцы падказваюць, дзе “жыве Васільеўна”, сціплая і шчырая жанчына, былая даярка мясцовай фермы. “Так, і даяркай працавала, і загадчыцай фермы Язвіна, – кажа Галіна Васільеўна. – Усяго мой працоўны стаж складае сорак гадоў. Спачатку даілі кароў уручную. Калі з’явіліся даільныя апараты, то стала значна лягчэй. Але ўсё роўна на ферме доўгі час не было халадзільнікаў. Вясной і восенню, бывала, апускалі бітоны з малаком у калодзеж, каб ахаладзілася”.
Ну, а спякотным летам вада нават у калодзежы была не настолькі халоднай, як хацелася б. Таму кожнай зімой у вялікія маразы мужчыны, што працавалі на ферме Язвіна, ездзілі на возера нарыхтоўваць у запас лёд, згадала Галіна Васільеўна. Наразалі ледзяныя глыбы піламі, грузілі іх на конскія калёсы і складзіравалі ля фермы. “Зверху такія ледзяныя горы накрывалі тоўстым слоем апілак, – кажа жанчына. – Нарыхтоўвалі столькі, каб хапіла на ўсё лета. У спякоту гэтым лёдам абкладвалі бітоны з малаком”.
Г. В. Хмыльнікава расказала, што ў 70-ыя гады  ферма Язвіна была адной з перадавых у раёне. “Летам на ранішнюю дойку мы прачыналіся да сонца, бо ў тры пачыналі ўжо даіць кароў, – кажа ветэран працы. – Прыходзім, бывала, на работу, глядзім, а ля фермы нехта стаіць – гэта прыехаў Л. В. Пагарэльскі, які тады працаваў інструктарам райкама партыі і быў адказным за наш калгас”.
Галіну Васільеўну за добрую працу неаднаразова ўзнагароджвалі граматамі і падзячнымі лістамі. Самай шаноўнай, безумоўна, была Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР.  “А яшчэ за добрую работу ўзнагароджвалі паездкамі, – дадае Г. В. Хмыльнікава. – І сёння помню, як я разам з асемянатарам Зінаідай Макаравай, свінаркай Верай Давыдоўскай ездзіла ў Балгарыю, як адпачывалі разам, як хадзілі на канцэрты”.
Зараз Галіна Васільеўна на заслужаным адпачынку. Трымае авечак і курэй. Ну, а вечарамі чытае раённую газету, якую выпісвае амаль паўстагоддзя.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №6 ад 22.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *