Молодёжная политика и развитие экономики в регионе

Актуалии Молодёжь Экономика

Маладзёжная палітыка і развіццё эканомікі
У мінулы чацвер у працоўных калектывах арганізацый раёна прайшлі сустрэчы з інфармацыйна-прапагандысцкімі групамі райвыканкама. Група, якую ўзначальвае старшыня райвыканкама У. П. Куранны, сустрэлася з калектывам раёна электрычных сетак.
“Хачу адзначыць добрую працу вашага калектыву, – пачаў размову кіраўнік раёна. – У вас вельмі адказная і складаная праца, вы заўсёды аператыўна і якасна рашаеце ўсе праблемныя пытанні, ліквідуеце аварыі, годна трымаеце ўдары стыхіі. Дзякуй вам за вашу працу”. Пераходзячы да тэмы дня інфармавання “2015 – Год моладзі. Рэалізацыя дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі”, У П. Куранны сказаў, што ў Шумілінскім раёне існуе істотны маладзёжны патэнцыял – у раёне 3150 чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года. Штогод на прадпрыемствы раёна прыходзіць больш за сто маладых спецыялістаў. Галоўная задача – замацаваць іх у раёне, стварыць умовы для паўнавартаснай рэалізацыі моладзі ў прафесіі, асабістым жыцці, забеспячэнні жыллём. Рашэнне гэтых пытанняў немагчыма без развіцця эканомікі, будаўніцтва жылля, добраўпарадкавання населеных пунктаў.
Уладзімір Пятровіч падрабязна расказаў пра тое, што робіцца ў раёне з мэтай павышэння дабрабыту насельніцтва, якія сродкі выдаткоўваюцца на гэтыя мэты з раённага бюджэту. Старшыня райвыканкама спыніўся на планах на 2015 год па будаўніцтву жылля, добраўпарадкаванні вуліц Шуміліна і сельскіх населеных пунктаў, рамонце бальніцы і паліклінікі, які будзе працягвацца, іншых пытаннях.
Больш падрабязна У. П. Куранны спыніўся на пытаннях эканомікі. Поў-ным ходам ідзе мадэрнізацыя Обальскага керамічнага завода, на якую выдзелена амаль 50 мільярдаў рублёў і якая дазволіць павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі завода, вызваліць працоўныя рэсурсы. Плануецца стварэнне новых прадпрыемстваў у Обалі, Шуміліне, Мікіцісе, развіццё існуючых вытворчасцяў.
Так, у прыватнасці, сёлета будзе пабудавана АЗС з комплексам дадатковых паслуг у аграгарадку Мікіціха, некалькі прыватных прадпрыемстваў аўтасэрвісу з’явіцца ў райцэнтры, тут жа будуецца даволі буйны комплекс прыдарожнага сэрвісу. Гэта дазволіць істотна павялічыць абслугоўванне транзітнага транспарту (па дарозе Р-20 штодзень праязджае да 6-7 тысяч аўтамашын) і паступленне дадатковых грошай у бюджэт раёна.
Новыя працоўныя месцы з прыстойнай зарплатай дапамогуць затрымаць у раёне моладзь, паспрыяюць вяртанню дадому шумілінцаў, якія з’ехалі на працу ў іншыя краіны і рэгіёны, сказаў кіраўнік раёна. Дарэчы, міграцыйнае сальда ў раёне ужо два гады са знакам плюс  – прыязджае на Шуміліншчыну больш людзей, чым пакідае яе (2013 год – +44, 2014 год – +22).
Перад прысутнымі выступілі члены інфармацыйнай групы. Пракурор раёна С. У. Зайцаў і начальнік райаддзела Следчага камітэта Р. В. Курклінскі паведамілі пра крымінагенную сітуацыю ў раёне, засяродзілі ўвагу на росце крадзяжоў, якія часцей за ўсё адбываюцца з-за халатнага стаўлення грамадзян да сваёй маёмасці.
Галоўны ўрач ЦРБ К. Ф. Баканаў расказаў пра дэмаграфічную сітуацыю ў раёне, пра добрыя паказчыкі раёна па нараджальнасці. Але высокай застаецца і смяротнасць, таму агульнае сальда адмоўнае. Кіраўнік раённай медыцыны ў якасці праблем назваў п’янства, рост ВІЧ-інфекцыі і палавых інфекцый.
Галоўны інжынер УП ЖКГ А. М. Догель расказаў пра планы камунальнікаў па пераходзе на мясцовыя віды паліва і стварэнне новых вытворчасцяў.
Пасля сустрэчы работнікі РЭС мелі магчымасць задаць пытанні кіраўніку раёна і членам групы ў індывідуальным парадку.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №5 ад 20.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *