Дэлегацыя шумілінскай раённай арганізацыі Беларускага саюза ваенных маракоў паўдзельнічала ў адкрыцці музея “Марская слава Беларусі” ў Віцебску

Актуалии Новости Общество

Памяць  пра  подзвіг  жыве
Дэлегацыя шумілінскай раённай арганізацыі Беларускага саюза ваенных маракоў паўдзельнічала ва ўрачыстасцях з нагоды адкрыцця музея “Марская слава Беларусі” ў віцебскай СШ № 8. Дадзеная ўстанова адукацыі імя героя-падводніка нашага земляка Анатоля Іспянкова носіць з 2016 года. З таго часу і вядзецца збор матэрыялаў для музея.

Дэлегацыя шумілінскай раённай арганізацыі саюза ваенных маракоў у музеі «Марская слава Беларусі» СШ № 8 г. Віцебска.

Нагадаем, што капітан III рангу Анатоль Іспянкоў геройскі загінуў, несучы баявую вахту ля дызельнай устаноўкі на атамнай падводнай лодцы “Камсамолец”. Да 5 класа будучы герой жыў у Шумілінскім раёне, затым сям’я пераехала ў Віцебск, і хлопец стаў наведваць СШ № 8.
Праз чатыры гады пасля трагедыі ў Нарвежскім моры ў Віцебску пачалі праводзіць турнір па вольнай барацьбе памяці Іспянкова і ўсіх загінуўшых членаў экіпажа. У 2015-м на будынку школы ўстанавілі мемарыяльную дошку. Частка экспазіцыі музея  “Марская слава Беларусі” прысвечана нашаму земляку Іспянкову. Таксама там можна знайсці інфармацыю і пра Анатоля Бычкова – капітана II рангу, патрыёта, чалавека, які шмат зрабіў для таго, каб шумілінская раённая арганізацыя Беларускага саюза ваенных маракоў стала адной з лепшых у вобласці. На жаль, яго ўжо няма сярод жывых, але справа яго жыцця працягваецца.
Пра важнасць патрыятычнага выхавання школьнікаў гаварыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Ён узгадаў імёны землякоў, памяць пра якіх была ўшанавана за апошні час.
Дапамогу ў стварэнні музея аказалі члены Беларускага саюза ваенных маракоў. Экспанаты перадала і сястра падводніка Іспянкова Зінаіда Вінаградава. З падарункамі прыехалі і шумілінскія ваенныя маракі. Кіраўнік арганізацыі Віктар Прыходзька ўпэўнены, што музей “Марская слава Беларусі” стане цэнтрам патрыятычнага выхавання не толькі ў школе, але і ў вобласці.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №88 ад 12.11.2019 г.