Житель деревни Большие Лежни Шумилинского района – владелец раритетных автомобилей «Запорожец» и «Москвич»

Край шумілінскі Людзі і лёсы Мир увлечений Новости Общество

Рарытэтныя «Запарожац» і «Масквіч» заўважаны ў Ляжнях

Мясцовыя жыхары вёскі Вялікія Ляжні прывыклі да рарытэтнай аўтапляцоўкі на падворку Аляксандра Прохарава, а вось незнаёмыя людзі, калі праязджаюць ці праходзяць міма, абавязкова спыняюцца і фатаграфуюцца на фоне двух рарытэтных аўтамабіляў марак «Запарожац» і «Масквіч». 

Першым на падворку з’явіўся ЗАЗ-965. «Запарожац» 1966 года выпуску Аляксандру дастаўся, як кажуць, у спадчыну – падарылі сваякі жонкі гадоў 25 таму. Ён і сёння на хаду, стаў акумулятар, запраўляй бензін – і можна ехаць. Але ў гэтым няма патрэбы, бо ёсць сучасны легкавы аўтамабіль.

«Такія машыны выраблялі на Запарожскім аўтамабілебудаўнічым заводзе з 1960 да 1969 года, усяго было выпушчана больш за 330 тысяч адзінак розных мадыфікацый, – расказаў Аляксандр Міхайлавіч. – Пасля грашовай рэформы 1961 года ЗАЗ-965 каштаваў 1800 рублёў (для параўнання: сярэдняя зарплата па краіне на той час складала 70-80 рублёў у месяц)».

А вось другі аўтамабіль – «Масквіч-400» – больш рарытэтны, пасляваенны, 1949 года выпуску. Яго падарыў знаёмы з вёскі Задуброўе Віцебскага раёна – у гаспадара рука не павярнулася здаць аўто на металалом. Машыну прыцягнулі ў Ляжні на буксіры. Зроблена аўто на Маскоўскім заводзе малалітражных аўтамабіляў. Пасля вайны гэта была першая легкавая машына, якую выпускалі для індывідуальнага выкарыстання. Каштавала яна тады прыкладна 8 тысяч рублёў, на той час гэта былі вялікія грошы. У свабодным продажы машын не было – людзі стаялі ў чарзе гадамі, каб набыць такі каштоўны на той час тавар.

«Масквіч» сёння не на хаду – у ім няма ні матора, ні каробкі перадач.  Рарытэт вельмі даспадобы ўнукам. Калі прыязджаюць у госці, ім за шчасце пасядзець у такіх аўтамабілях і паруліць. Па гэтых аўто цікава вывучаць гісторыю савецкіх часоў, развіццё прамысловасці, пра якую дзядуля любіць расказваць.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *