Подворный обход проходит в населённых пунктах Николаевского сельсовета

Актуалии Президент Сельское хозяйство

Пытанняў было нямнога
Чарговы падворны абход адбыўся на гэтым тыдні на тэрыторыі Мікалаёўскага сельсавета. 21 жніўня група, у склад якой уваходзіў і карэспандэнт раённай газеты, аб’ехала вёскі Забор’е, Надзежына, Ерашова і Лабейкі.
Вёскі невялічкія, але і тут цепліцца жыццё, у кожнага з жыхароў свой клопат і свае праблемы. Прадстаўнікоў райвыканкама сустракалі цёпла, некаторыя, асабліва адзінока пражываючыя, дзякавалі, што зазірнулі на іхні падворак. Пенсіянерам было ўсцешна, што мелі магчымасць выгаварыцца, расказаць пра набалелае,  задаць пытанні прадстаўнікам раённай улады.
А пытанняў на гэты раз было няшмат. Праўда, некаторыя пенсіянеры спрабавалі адрасаваць праблемы наконт рамонту даху ці агароджы раённай уладзе. Але ж, як высвятлялася, у састарэлых ёсць дзеці, якія жывуць у горадзе. Гэта яны ў першую чаргу і павінны паклапаціцца пра бацькоў, пра тое, каб ім жылося камфортна.
Набалелую праблему выказалі жыхары в. Надзежына. У вёсцы няма ні кантэйнераў, ні месца для збору смецця.  “Бачыце, некаторыя нават умудраюцца выкідваць смецце на бераг Дзвіны, – усхвалявана кажа адна з мясцовых жыхарак. – Гэта ж грэх забруджваць рэчку. Таму мы б’ём трывогу. Ну, можна ж зрабіць так, каб хоць раз на тыдзень у вёску прыязджаў трактар і забіраў смецце”. Напэўна, можна. Прадстаўнікі райвыканкама ўзялі гэтую праблему, як кажуць, на аловак.
Спецыялісты райвыканкама, работнікі раённых службаў бачылі ў кожнай вёсцы сітуацыю на свае вочы. Адным дзякавалі за прыгожую дагледжаную сядзібу. Іншым, наадварот, рабілі заўвагу за тое, што ля хаты неабкошана. Але, трэба адзначыць, што на Мікалаёўшчыне жывуць пераважна добрыя гаспадары.
“Да нас прыходзіць аўталаўка, пенсію прыносяць своечасова,  – з удзячнасцю кажуць пенсіянеры з в. Лабейкі. – У нашай вёсцы ўсяго чатыры падворкі, але ж і пра нас дзяржава не забывае клапаціцца, і за гэта вялікі дзякуй”.
Ерашова – самая вялікая з наведаных вёсак нашай групай. Размешчаная ў маляўнічым месцы на беразе Дзвіны, вёска прыцягвае не толькі айчынных, але і замежных турыстаў. І не дарэмна менавіта ў гэтай вёсцы ёсць аграэкасядзібы. Аблюбавалі гэты куток і расіяне.  “Мы самі з жонкай з Санкт-Пецярбурга, – кажа В. У. Ушал. – А на дачу ў вёску прыязджаем на лета. У нас няма ніякіх пытанняў да раённай улады, увогуле, на наш погляд, жывецца на Шуміліншчыне добра. І  нам падабаецца, што ў самай аддаленай вёсцы дагледжаны кожны састарэлы. На жаль, такога клопату не ўбачыш у Расіі”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №66 ад 23.08.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *