Ещё не закончился отопительный сезон, а Шумилинское УП ЖКХ уже начало подготовку к предстоящему

Главное Новости Экономика

Пачалі падрыхтоўку да зімы

Ацяпляльны сезон яшчэ не завяршыўся, а ва УП ЖКГ пачалі падрыхтоўку да новага.


«Мы пачалі работы ў цеплапунктах шматкватэрных дамоў у Шуміліне, – расказвае вядучы інжынер-цеплацехнік УП ЖКГ Кацярына Сіўцова. – Найперш гэта тычыцца замены бойлераў. Трубчатыя маральна і фізічна састарэлі, яны не забяспечваюць стабільнае паступленне гарачай вады, дапускаюць істотныя страты цяпла. Зараз вядуцца работы па ўстаноўцы сучасных пласцінчатых бойлераў ў доме №20 па вуліцы Кароткіна і ў доме №2 па вуліцы Шумілінскай, у планах – замена і ў доме №11 па вуліцы Кароткіна. За пяць год сучасныя цеплаабменнікі з’явіліся ў 45 шматкватэрных дамах райцэнтра. Трубчатыя цеплаабменнікі застануцца толькі ў трох шматкватэрных дамах, але спрабуем знайсці магчымасці, каб і іх сёлета замяніць і выйсці на 100% абнаўленне цеплапунктаў жыллёвага фонду райцэнтра».
Не менш важнай з’яўляецца работа па рэканструкцыі цеплатрас. Сем апошніх год вядзецца работа па замене старых на сучасныя ПІ-трубы. Так, у мінулым годзе на сучасную ПІ-трубу камунальныя службы замянілі 5,2 кіламетра цеплавых сетак. Немалое заданне і на бягучы год: камунальныя службы плануюць замяніць 2 кіламетры цеплатрасы ў Шуміліне і адзін кіламетр у Обалі. Як адзначае Кацярына Сіўцова, у Шуміліне працягласць цеплатрасы складае каля 30 кіламетраў, на сённяшні дзень заменена ўжо каля 83% цеплатрасы, да 2025 года павінны выйсці на 100%.
Камунальная служба робіць рэканструкцыю паветраных целасетак. «Паветраныя цепласеткі – гэта, па-першае, не эстэтычна, па-другое, значныя страты цяпла, – тлумачыць інжынер. – У нас засталіся невялікія ўчасткі паветраных цеплатрас каля «Беларусбанка», Шумілінскай СШ №2, па вуліцы Юбілейнай, у некаторых іншых месцах. У гэтым годзе яны ўсе будуць заменены. Да замены труб у Шуміліне прыступяць адразу пасля заканчэння ацяпляльнага сезона».
На пытанне, што жыхароў райцэнтра хвалюе, ці не папсуюць камунальныя службы новыя тратуары і асфальт, Кацярына Сіўцова адзначыла, што хвалявацца не трэба, усе цепласеткі, што будуць мяняць, ідуць каля дарог.
Мадэрнізацыя цеплавых сетак дае значны эканамічны эфект. Калі ў 2014 годзе страты цяпла ў Шуміліне складалі 21%, то зараз – 9,7%, а пасля сёлетніх работ страты зменшацца яшчэ на 0,5-1%.
Шмат работ ва УП ЖКГ запланавалі і ў Обалі. Будзе заменены адзін кіламетр цеплатрасы. Дарэчы, на сённяшні дзень з 15 кіламетраў цеплатрасы ў Обалі на сучасныя ПІ-трубы заменена 9 кіламетраў. Таксама вясной будуць заменены два цеплаабменнікі ў жылых дамах №1 і №6 па вуліцы Дружбы і ў доме №1 па вуліцы Давыдавай, – расказала вядучы інжынер-цеплатэхнік. – Давядзём да лагічнага завяршэння сістэму прыбораў уліку цяпла. Усе лічыльнікі цяпла ў Обалі будуць падключаны да аўтыматызаванай сістэмы дыспетчарызацыі»
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №29 ад 16.04.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *