К Дню памяти воинов-интернационалистов. Забыть невозможно

Общество

ДА ДНЯ ПАМЯЦІ ВОІНАЎ-ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІСТАЎ. Забыць немагчыма

Фото из открытых источников.

Сёлета адзначаецца 35-я гадавіна вываду савецкіх войск з Афганістана.

Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў рэдакцыя папрасіла воінаў-інтэрнацыяналістаў падзяліцца ўспамінамі, якія сталі самымі яркімі, самымі запамінальнымі з тых гарачых часоў.

Мікалай ШЧАРБІЦКІ, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане»:
– Гэта час, які немагчыма забыць. Памятаеш кожны баявы эпізод, асабліва калі гінулі сябры, калі сам быў за адзін крок ад смерці.
Гэта было ў раёне горада Джалалабад, мы знаходзіліся на ваенным аэрадроме. З боку Пакістана абстрэльвалі аэрадром з мінамётаў. Верталёты днём ляталі, а па начах мы ўсе разам мянялі прабітыя паліўныя бакі на іх.
Помню, як аднойчы быў старшым групы авіянаводкі на баявым заданні. У групе было пяць чалавек. Трэба было выйсці ў вызначаны пункт і карэкціраваць работу авіяцыі. Выконвалі заданне, калі нас пачалі абстрэльваць. У гэтых умовах адчуваеш, што такое жыццё, як яго трэба берагчы. Я быў паранены ў руку. Паранілі і яшчэ аднаго салдата. Яго трэба было несці на насілках па гарах. Па начах было вельмі холадна, але мы ў той раз дабраліся да сваіх паспяхова.

Валерый ІШЧУК, г. п. Обаль:
– Я трапіў у Афганістан у пачатку вайны. У армію прызвалі восенню 1979 года, прайшоў у Рызе вучэбку малодшых камандзіраў, атрымаў званне малодшы сяржант, быў камандзірам артылерыйскай гарматы. Да новага года перакінулі ў Тэрмез, на граніцу, а ў сакавіку 1980 года прыбыў у Кабул. Праходзіў службу ў 66-й асобнай мотастралковай брыгадзе ў гарадах Джалалабад, Асадабад. Помніцца многае, але раскажу пра свой апошні бой.
7 мая 1981 года нам зачыталі загад аб звальненні, мы чакалі транспарт для вяртання ў Саюз. Прыбыла новае папаўненне. І прыйшоў загад аб правядзенні спецаперацыі. Мы маглі не ісці, але камандзір часці звярнуўся да нас, як да вопытных салдат, і папрасіў паўдзельнічаць, каб дапамаглі павучыць маладых.
Падчас аперацыі мы трапілі пад моцны абстрэл. Нельга перадаць словамі тое, што адбываецца, калі вакол ірвуцца міны і снарады. У тым баі многія загінулі. Я проста цудам застаўся жывы. Ці то лёс, ці то Бог захаваў мяне ад смерці. Там разумееш, што такое жыццё, як яго лёгка згубіць. Вярнуўся дадому, жаніўся, нарадзілі і выхавалі пяцёра дзяцей, ужо маем трое ўнукаў. Сорак адзін год адпрацаваў на Обальскім керамічным заводзе.

Іван БУРАЎ, г. п. Шуміліна:
– Я служыў танкістам. Восенню пас-ля прызыву была вучэбка ў Баравусе, а 28 студзеня 1979 года мы ўжо грузіліся з тэхнікай на чыгуначныя эшалоны, а 11 лютага ўжо былі ў Тэрмезе, атрымалі зброю, боезапас і накіраваліся ў Афганістан. Мастоў яшчэ не было, цераз Амудар’ю перапраўляліся па пантонах.
У раёне Шынданда стаялі на пунктах, кантралявалі абстаноўку, дарогі. Раскажу адзін эпізод. Нашы тры групы праводзілі аперацыю, і адна група трапіла ў засаду. Атрымалі загад дапамагчы. Я быў танкістам, механікам-вадзіцелем. Пасадзілі на браню дэсантнікаў і накіраваліся на дапамогу. Я на дарозе заўважыў міну, дэсантнікі з брані расстралялі яе. Потым выцягвалі тэхніку. Група вярнулася без страт.
Яшчэ эпізод. На ўскрайку кішлака назіралі за абстаноўкай. Люк быў не закрыты. Я ўбачыў як за дувалам (гліняная агароджа) нешта мільганула. Даў каманду, каб стрэльнулі ў той бок, але душман паспеў раней і стрэліў з гранатамёта. Граната ўзарвалася, але яе адкінула рыкашэтам, а на мяне ў люк нешта ўпала. Я схапіў, каб выкінуць, убачыў, што ў руках стабілізатар ад гранаты. Гэта былі долі секунды. Я яго потым да канца службы вазіў з сабой.

15 лютага 1989 года апошнія савецкія часці былі выведзены з тэрыторыі Афганістана. Вайна, якая доўжылася з 25 снежня 1979 года, закончылася.

Гутарыў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *