В Шумилино на ярмарке съели 200 литров грибной поливки

Актуалии Общество

200 літраў поліўкі для сугрэву
У мінулую суботу зранку многія спяшаліся на кірмаш. А восьмай гадзіне раніцы тут ужо было даволі людна.  З усіх куткоў раёна людзі сцякаліся на гарадскую плошчу: адны – прадаць, другія – купіць, трэція – паглядзець і прыцаніцца.
– Ну, як там кірмаш? – пытаюся  па дарозе ў знаёмай, якая нясе сеткі з качанамі капусты.
– Гародніны ды і прысмакаў розных, толькі грошы давай, – чую ў адказ.
Асноўным аб’ектам суботняга шопінгу стала гародніна і садавіна, вырашчаная на Шуміліншчыне. У кірмашы прынялі ўдзел практычна ўсе сельгаспрадпрыемствы  раёна. Прадавалі ў асноўным зерне –  ячмень, пшаніцу, жыта, авёс. З ААТ “Ляжні” прывезлі нават кукурузу. Але яна не карысталася попытам, відаць, мала ў каго з прыватнікаў быў асабісты млын, каб здрабніць кукурузу на муку. Затое зерне разыходзілася добра.
–  Што купляеце? –  пытаюся ў аднаго з шумілінскіх гаспадароў, які  грузіць на тачку ажно чатыры мяшкі.
– Ячмень для курэй, хопіць на ўсю зіму, – усміхаецца мужчына.
З СФГ “Раднік” прыехалі гандляваць бульбай гатунку “брыз”. Але ж на бульбу  не было хапуна, хаця і цана прымальная – 90 тысяч за сетку (у яе змяшчаецца вядры чатыры). Відаць, многія запасліся загадзя ў тым жа “Радніку”.
Людзі хадзілі, прыцэньваліся, параўноўвалі.  Некаторыя, відаць, дзешавейшай не знайшлі, бо вярталіся назад. У гэты дзень “Раднік” прадаў больш за тону бульбы. Гэтая ж гаспадарка прадавала моркву і чырвоныя буракі – сетка каштавала 90 і 50 тысяч рублёў адпаведна. Але ж далёка не ўсім шумілінцам хацелася купляць моркву сеткамі. Такія ішлі да машыны КУСГП “Сіроцінскі” – там гандлявалі  морквай і буракамі на развес. Прычым, танней, чым у райспажыўтаварыстве – 3300 рублёў за кілаграм.
“Шумілінскі райаграсэрвіс” прадаваў на кірмашы салому – па сто тысяч рублёў за рулон. І не прагадаў: знайшлося больш за дзесяць пакупнікоў, якім даставілі цюкі па названым адрасе. Некалькім гаспадарам завезлі на агарод па прычэпу гною. Яго прапаноўвалі і прадаўцы з “АграБаравінкі” – па 150 тысяч рублёў за тону.
Недарагую гародніну можна было купіць ва ўстановах адукацыі, якія практычна ўсе прыехалі на восеньскі кірмаш. Фасоля, капуста, яблыкі, часнок, буракі разыходзіліся на “ўра”. Карысталіся попытам гарбузы (па тры тысячы за кілаграм).  А Навікоўская школа прадавала танную цыбулю (па шэсць тысяч за  кілаграм). За ёй нават выстраілася чарга, людзі ў якой крытыкавалі райспажыўтаварыства за тое, што прывезлі на кірмаш толькі бульбу з капустай, а цыбулі няма.
Багата на кірмашы было прысмакаў. Маецца на ўвазе рознае печыва. Торты, булачкі,  піражкі прадавалі магазіны райспажыўтаварыства. Канкурэнцыю склала СШ № 1.

Але ўсё ж самым хадавым таварам аказалася поліўка. І таму, што смачная, і таму, што ёю грэліся ў марозны ранак суботняга кірмашу.
–  Поліўкі прадалі 200 літраў, – расказалі работнікі райспажыўтаварыства.
У канцы гандлёвых радоў стаялі прычэпы з дрывамі. ЗІЛ колатых з камунгасу купілі першымі. Прыватнікі вырашылі, што за 5,5 куба 1,3 мільёна рублёў – гэта прымальная цана. Астатнія пачалі прыглядавацца да трактарных прычэпаў з дрывамі-двухмятроўкамі, якія прадавалі з прадпрыемства меліярацыйных сістэм і  лясгасу.
З Лепельскага гадавальніка прывезлі на кірмаш саджанцы пладовых дрэў, прыватнікі з Полацкага раёна прапаноўвалі больш за дваццаць гатункаў вінаграду і шматгадовых кветак. Акрамя таго, было многа рознакаляровых хрызантэм – іх прадавалі шумілінскія жанчыны.
Некалькі прыватнікаў гандлявалі мёдам. Здзівіла, што ён у параўнанні з мінулым годам нават патаннеў. Калі летась паўлітровы слоік каштаваў 55 тысяч, то сёлета – 40-45. “Сёлета добры ўраджай мёду, ды і пчаляроў шмат – канкурэнцыя”, – патлумачыў знаёмы пчаляр з Шуміліна.  Яшчэ прыватнікі прадавалі трусоў “каліфарнійскі велікан”, пеўняў,  індыкоў.
Былі на кірмашы і прадпрыемствы з Віцебска. Да машыны з “Рудакова” выстраілася чарга: людзі куплялі памідоры, гуркі, бульбу. Дарэчы, апошняя была зручна расфасаваная – у невялікія вядзёрныя сеткі. Такой зручнай фасоўкі не было ні ў аднаго з шумілінскіх прадаўцоў.   Віцябляне гандлявалі трыкатажам, пасцельнай бялізнай, шкарпэтнымі вырабамі. Добра разыходзіліся макароны і крупы, свежая рыба.
Канцэртную праграму да кірмашу падрыхтавалі работнікі Шумілінскага цэнтра культуры і самадзейныя артысты.
Напрыканцы кірмашу былі вызначаны лепшыя яго ўдзельнікі. Сярод сельгаспрадпрыемстваў былі адзначаны КУСГП “Сіроцінскі” і УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, сярод устаноў адукацыі – Ляжнёўская, Добрынская і Мішкаўская школы, сярод гандлёвых прадпрыемстваў – райспажыўтаварыства.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 81 ад 21.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *