Подведены результаты подворного обхода в Обольском сельсовете

Актуалии Президент

Нашчадкі обальскіх падпольшчыкаў  сустрэлі гасцей годна
Падворны абход неселеных пунктаў раёна прайшоў па ўсіх сельсаветах і завяршыўся на гэтым тыдні на Обальшчыне. 19 чэрвеня старшыня райвыканкама У. П. Куранны, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, намеснікі старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў і В. В. Доктараў правялі прыём грамадзян Обальскага сельсавета па асабістых пытаннях. Пасля прыёму прадстаўнікі райвыканкама і некаторых раённых службаў пабывалі на некаторых прадпрыемствах і ва ўстановах сельсавета.
Трэба сказаць, што нашчадкі обальскіх падпольшчыкаў годна падрыхтаваліся да сустрэчы раённай дэлегацыі. Як адзначыў старшыня райвыканкама, тэрыторыя Обальскага сельсавета выглядае на парадак вышэй, чым іншых сельсаветаў раёна, ды і  Шуміліна.
Бездакорным парадкам сустрэла гасцей Обальская СШ. Тут усюды – ідэальны парадак, прыгожа. Гэтая прыгажосць спалучаецца з рацыянальна выкарыстаным кожным кавалачкам зямлі.  Адразу бачна: шмат  сіл укладвае ў гэту прыгажосць калектыў школы на чале са сваім кіраўніком А. М. Штокіным.
Гэты візіт у школу стаяў пасля наведвання музея Обальскага  падполля, дзе як бы часта сюды ні прыходзіў, заўсёды ўзрушаецца душа, адкуль выносіш вельмі моцнае ўражанне. Таму адчуваўся гонар за той асаблівы дух, за любоў абальчан да сваёй малой радзімы.
Прыкметнымі пераменамі да лепшага, аднаўленнем і аптымістычнымі прагнозамі на будучае сустрэла торфапрадпрыемства, якое сапраўды атрымала другое дыханне з прыходам новага гаспадара – “Полацкгазу”.
Годна падалі свае ўстановы таксама Обальскае лясніцтва і Обальская школа мастацтваў. А вось па ферме Рашэтнікі  У. П. Куранны зрабіў нямала заўваг кіраўніку ААТ “Лаўжанскае”. Рашэтнікі ў лідэрах па надоях малака, тут разгорнуты сур’ёзныя работы па будаўніцтву новых жывёлагадоўчых памяшканняў, але і пра тое, што трэба абкасіць траву і прыбраць тэрыторыю, забываць не трэба, перакананы кіраўнік раёна.
На керамічным заводзе дэлегацыя наведала цяплічную гаспадарку. У памяшканні Обальскага сельвыканкама адбылося пленарнае пасяджэнне, на якім былі прааналізаваны ўсе пытанні, узнятыя жыхарамі сельсавета.
Пытанняў, вядома ж, хапае, асабліва па Обалі і Гаравых. Пераважная іх большасць  жыллёва-камунальнага характару:  водазабеспячэнне, падтапленне падвалаў, рамонт дахаў (гэта ўсё праблемы шматпавярховак), ачыстка калодзежаў, устаноўка кантэйнераў для смецця, рамонт дарог і многае іншае.
Кожны зварот быў абмеркаваны з тым, каб знайсці станоўчае рашэнне. Хаця на тое, каб рашыць некаторыя пытанні,  патрэбны вялікія фінансавыя сродкі і час. Тым не менш старшыня райвыканкама паабяцаў абальчанам падтрымку  ў вырашэнні і вытворчых праблем, і пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. Але У. П. Куранны адзначыў, што найперш трэба павышаць прадукцыйнасць працы, нарошваць аб’ёмы прадукцыі, папаўняць раённы бюджэт, павышаць дысцыпліну. Гэта аснова для павышэння зарплаты, для вырашэння многіх сацыяльных пытанняў.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №49 ад 22.06.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *