Дело, которое укрепляет семью

Экономика

«Наша справа ўмацоўвае сямейныя адносіны»

Святлана Галуза займаецца ўласнай справай з 2009 года, калі адкрыла першую краму на плошчы 9 квадратных метраў. Зараз сямейны бізнес уключае добра вядомыя ў нашым раёне магазін «Ральф» ля аўтастанцыі і магазін «Фунцік» у Верхнім горадзе.

На пытанне, ці лёгка жанчыне займацца бізнесам, Святлана Галуза адказвае: «Не. Але гэта любому няпроста. Уласная справа – гэта работа, работа і яшчэ работа. У галаве трэба трымаць велізарны аб’ём інфармацыі: пастаўшчыкі, цэны, асартымент. Шмат работы з дакументацыяй. Засынаеш, а ў галаве думкі пра справу, прачынаешся – тое ж самае. Другую краму адкрывалі, так было лягчэй, што ўжо ўсё ведаеш, а першы раз было вельмі складана».

– Як прыйшла ідэя заняцца ўласнай справай?

– Ідэя прыйшла спантанна. У нас быў кот, а ў Шуміліне таварамі для хатніх гадаванцаў ніхто не гандляваў, мы вазілі кармы і напаўняльнікі для ката з Віцебска. Я якраз звольнілася і думала чым займацца. Вырашылі паспрабаваць, бо значных нейкіх капіталаўкладанняў не патрабавалася. Было складана, бо нават у краіне кампаній, якія займаліся б аптовымі пастаўкамі такіх тавараў, было мала. Зараз ужо лягчэй, бо ёсць буйныя пастаўшчыкі, наладжана дастаўка.

Потым ужо, калі справа пайшла, пачалі пашыраць асартымент, вывучалі, чаго ў райцэнтры няма, на што ёсць попыт. Так з’явіліся паліцы з насеннем, грунтамі, агароднымі прыстасаваннямі і сродкамі. Пашыраўся асартымент і тавараў для жывёлы, пачалі гандляваць камбікармамі і дабаўкамі для сельскагаспадарчай жывёлы і птушкі.

– Як занятасць у бізнесе ўплывае на сямейныя адносіны?

– У нашым выпадку станоўча. Другі магазін адкрыў муж. Мая маці працуе ў нас. Так што ў нас агульныя тэмы для размовы, узаемная дапамога і падтрымка. Калі на мне эканамічныя пытанні, муж вырашае тэхнічныя, займаецца рамонтам. Наша справа дадаткова ўмацоўвае сямейныя адносіны. Сын вучыцца на эканаміста­лагіста, яму гэта падабаецца, ён пачаў дапамагаць мне, унікае ў справу. Значыць, ёсць каму перадаць бізнес.

– Віншую вас з надыходзячым святам – Днём жанчын і жадаю поспехаў у асабістым жыцці і бізнесе!

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *