Качество жизни. Спорту возраст не помеха

2024 - Год качества Здоровье Общество

«Крыніца здароўя» актыўна бруіцца

Якасць нашага жыцця ў першую чаргу залежыць ад нас саміх. Ад таго, як мы шчыруем на рабоце, упраўляемся дома, клапоцімся пра сваё здароўе. Свой вольны час можна гадзінамі праводзіць на канапе перад тэлевізарам, а можна ўзяць сілу волю ў кулак і рэгулярна займацца фізічнымі практыкаваннямі, як гэта робяць многія наведвальнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Улютым споўнілася шэсць гадоў, як у цэнтры працуе гурток «Крыніца здароўя» пад кіраўніцтвам Ніны Маскальковай. Зараз тут дзве групы па 7-8 чалавек. Заняткі праходзяць два разы на тыдзень.

Ніна Іванаўна Маскалькова доўгі час працавала ў райбальніцы ўрачом ЛФК. Лячэбную фізічную культуру прызначалі пацыентам з мэтай лячэння і рэабілітацыі, прафілактыкі захворванняў. І практыкаванні, рэкамендаваныя ўрачом, рэальна дапамагалі – выпрабавалі на сабе.

«Удзельнікі “Крыніцы здароўя” – ва ўзросце 60 гадоў і старэй, – кажа Ніна Іванаўна. – Абедзве групы жаночыя, што сведчыць пра тое, што жанчыны больш клапоцяцца пра сваё здароўе. Некаторыя гатовы пераадольваць адлегласць больш як па два кіламетры (і гэта таксама ідзе на карысць здароўю), абы трапіць на заняткі. Стараюся падбіраць розныя практыкаванні – як агульнаразвіваючыя, так і з лячэбнай фізкультуры. Заўсёды ўважліва вывучаю захворванні жанчын, а потым падбіраю прыдатныя практыкаванні. Адной можна выконваць іх многа разоў, іншых прыпыняю, як кажуць, на паўдарозе. Увогуле за гадзіну паспяваем зрабіць практыкаванні на ўсе групы мышцаў і суставы – ад галавы да пятак. Калі працуюць усе мышцы, то паляпшаецца крываток, і чалавек адчувае сябе бадзёрым. Выкарыстоўваем трэнажоры, якія ёсць у цэнтры, робім дыхальныя практыкаванні, на каардынацыю, на паляпшэнне постаці, асвойваем танцавальныя рухі. Усё гэта працуе на прафілактыку і лячэнне розных захворванняў суставаў і пазваночніка».

Ларыса ЗАЙЦАВА.

СЛОВА – НАВЕДВАЛЬНІЦАМ

Тамара Крыўко:

–  Наведваю гурток з пачатку яго адкрыцця. Скажу адно: здорава! Гэта не тое, як мы раней займаліся фізічнымі практыкаваннямі “пад тэлевізар”. Пасля заняткаў адчуваю бадзёрасць, сілу духу. У нас свой круг зносін: размаўляем пра жыццё, дзелімся поспехамі дзяцей і ўнукаў, кулінарнымі сакрэтамі. Многія набылі новых сяброў. Адным словам, жыць стала больш цікава і весела.

Надзея Пальвінская:

–  З маладосці люблю спорт. Калі працавала, не заўсёды знаходзіла час на гэта. А цяпер часу дастаткова, не прапускаю ніводнага занятка. Яны дапамагаюць мне падняць жыццёвы тонус. Займаюся фізічнымі практыкаваннямі і дома, як раіць Ніна Іванаўна. Прыахвоціла і мужа, цяпер займаемся разам.

Галіна Маркава:

–  Тры гады наведваю гурток, самаадчуванне пасля заняткаў лепшае. Усіх нас прывяло сюды імкненне падтрымліваць сілу духа і фізічную форму.

Галіна Жураўская:

–  Я ў гуртку навічок. Разам са сваячкай Аляксандрай прыйшла месяц таму. Раней дапамагала дзецям даглядаць унукаў, цяпер яны падраслі, і ў мяне з’явіўся вольны час. Спачатку боязна было, бо і не помню, калі апошні раз займалася фізкультурай. Але ўсё атрымалася: тут настолькі спрыяльная і добразычлівая атмасфера, што хочацца займацца.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *