На полях Шумилинского района набирают обороты весенние полевые работы

Новости Сельское хозяйство

Вядуцца ворыва, падкормка, сяўба траў

Пачатак вясны сёлета выдаўся цёплым, што на руку сельгасарганізацыям раёна – на палетках ваўсю працуюць трактары. Усе гаспадаркі раёна распачалі ворыва, вывозяць арганіку, вядуць падкормку азімых зерневых. У разгары сяўба шматгадовых траў.

Трактары з сеялкамі працуюць на палетках ААТ «АграБаравінка», СУП «Лаўжанскае», ААТ «Ляжні» і «Прыазёрны мір». Усяго ў раёне засеяна 430 гектараў шматгадовых траў, чвэрць ад запланаванага.

Карэспандэнты раённай газеты пабывалі на палетках сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае», дзе працаваў Валерый Лісаў (на здымку). «Бачыце, палеткі даволі добра падсохлі, трактар ідзе без праблем, – расказаў механізатар, з якім мы сустрэліся на яго рабочым месцы – на палетках за Добрынам. – Ноччу здараюцца невялікія маразы, і гэта нам, механізатарам, толькі на руку – нізкія ўчасткі добра падсыхаюць. На гэтым полі засеяны азімыя зерневыя, падчас жніва іх убяруць, а шматгадовыя травы застануцца расці. У сеялку СПУ-6 адразу засыпаю 750 кілаграмаў насення шматгадовых траў, гэтага хопіць на трыццаць гектараў. Даведзеную норму (22 га) звычайна перавыконваю».

Аграном сельгаспрадпрыемства Алена Марфонава расказала, што засеялі 135 га, усяго запланавана падсеяць 200 гектараў сумесі шматгадовых траў. У яе ўваходзяць канюшына, райграс, цімафееўка, купкоўка, фестулоліум. Механізатары працуюць на палетках кожны дзень, без выхадных, важна не ўпусціць час – нельга прадбачыць, якой будзе вясна далей.

Як сцвярджаюць аграномы, зараз самы час падкарміць шматгадовыя травы, засеяныя ў мінулыя гады. Гэтыя работы стартавалі ў пяці сельгаспрадпрыемствах – «АграБаравінка», «Ляжні» «Лаўжанскае», «Прыазёрны мір», «Шумілінскі райаграсэрвіс». Усяго падкармілі травы на 615 гектарах.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *