Уроки для родителей. Ребёнок идёт в детский сад

Общество Семья

Як прывыкнуць да дзіцячага сада: гісторыя аднаго выпрабавання
Прэтэндаваць на абсалютную і неаспрэчную ісціну не маю права, але такім-сякім досведам (падмацаваным жыццём і тэорыяй) па тэме, вынесенай у загаловак, валодаю і магу ім падзяліцца. Для іншага гэта мо і нязначна, але ведаю, што бацькі, якім даводзіцца перажываць адаптацыю дзіцяці да сада, маюць з гэтай нагоды безліч перажыванняў.
На маю думку, галоўная наша бяда — бясконцае адчуванне віны перад сваім малым за тое, што прыходзіцца з ім расставацца. “Ён жа яшчэ такі маленькі, я яму так патрэбна, і якая я маці пасля гэтага”.
Сёння я магу сказаць дакладна, што гэтыя пакуты істотна ўскладняюць задачу. Мы, мамы, павінны быць моцнымі. Толькі так мы можам дапамагчы свайму дзіцяці. Калі вам прыходзіцца аддаваць дзіця ў сад ці нават яслі, то пастарайцеся перамагчы пачуццё віны перад ім. Ваша трывога і няўпэўненасць лёгка перадаюцца малому. А гэта ўжо дакладна не садзейнічае паспяховай яго адаптацыі да новых умоў жыцця.
Хачу параіць успрымаць сад пазітыўна ў першую чаргу самому, а ўслед за мамай і дзіця пачне расцэньваць гэту з’яву як натуральную частку жыцця.
Іншыя мамы сцвярджаюць, што лепш за ўсё адмовіцца ад паступовай адаптацыі і пакінуць дзіця ў садзе адразу на цэлы дзень. Так, маўляў, і яму, і маме будзе лягчэй.
Не ведаю, якая маці гэта вытрымае. Я б не змагла. Але такое сапраўды здараецца. Праўда, па маіх назіраннях, толькі ў выпадках, калі да гэтага малы сядзеў, што называецца,  з бабулямі-дзядулямі, нянькамі, з кім хочаш, толькі не з мамай. Калі ж вы самі займаліся выхаваннем свайго малога, то ў сад яго трэба “ўводзіць” паступова, прайшоўшы ўсе стадыі адаптацыі. Будзьце з ім там столькі, колькі спатрэбіцца для таго, каб ён зразумеў: тут не страшна. Пакажыце, што вам таксама падабаецца ў садзе, што там цікава. Ніколі і ніяк не выказвайце негатыву да сада.
Ніколі не падманвайце сваё дзіця. “Я зараз збегаю ў краму за цукеркай, адразу ж вярнуся і забяру цябе”, — калі вы не хочаце ў імгненне страціць давер свайго сына ці дачкі, пазбягайце такіх прыёмаў.
Па-першае, дапаможа гэта толькі першую пару-тройку разоў. А  па-другое, дзіця наогул перастане вам давяраць, ні ў выпадку з садам, ні ў якім іншым. Вам гэта трэба? Тут вельмі важна быць заадно з дзіцяці, быць на яго баку. Пакажыце, што вам таксама вельмі не хочацца з ім расставацца, але вы з нецярпеннем будзеце чакаць вечара, каб зноў сустрэцца, заняцца нечым цікавым.
Малы дрэнна паводзіць сябе ў краме, у паліклініцы, у парку… Даволі часта бацькі не знаходзяць нічога іншага, як прыгразіць садам: “Не перастанеш свавольнічаць – зараз жа адвяду ў сад”, “З саду я цябе сёння не забяру – ты дрэнная дзяўчынка”.
Калі вы любіце сваё дзіця, будзьце цярплівымі. Памятайце, што нам, дарослым, куды прасцей стрымліваць эмоцыі, аналізаваць сітуацыю. Старайцеся не рабіць і не казаць таго, пра што потым пашкадуеце.
Наталля ЯГОРКІНА.
Надрукавана ў №52 ад 05.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *