На автодороге Р-20 начались ремонтные работы

2024 - Год качества Новости Экономика

Работы набіраюць абароты

Сёлета на Віцебшчыне пройдзе XI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Мерапрыемствы будуць ладзіцца у Віцебску, Полацку і Наваполацку, так што шлях гасцей і ўдзельнікаў форуму будзе праходзіць праз Шуміліна. У сувязі з гэтым запланаваны і ўжо распачаты рамонтныя работы на аўтадарозе Р‑20.

Работы пачаліся некалькі тыдняў таму. «На тэрыторыі Шумілінскага раёна працуюць 11 адзінак тэхнікі: фрэзеравальная машына, трактар на падвозцы вады, МТЗ са шчоткай, восем МАЗаў, – расказаў галоўны інжынер ДЭУ‑36 Дзмітрый Іваноў. – На аўтадарозе Р‑20 ад Віцебска да мяжы Шумілінскага раёна з Полацкім будзе заасфальтавана 32 кіламетры, у тым ліку на тэрыторыі Шумілінскага раёна – 22 км, на 5 км будзе праведзена паверхневая апрацоўка».

Акрамя асфальтавання, на аўтатрасе Віцебск‑Полацк вядуцца і планавыя работы вясенняга перыяду: убіраюцца прыдарожныя палосы, чысцяцца і фарбуюцца павільёны і лаўкі, устанаўліваюцца сметнікі. За іх у адказе лінейна‑дарожная дыстанцыя № 364 ДЭУ‑36 РУП «Віцебскаўтадар».

«Мы абслугоўваем 46 кіламетраў дарог на трасе Р‑20 і 32 км на аўтадарозе Гарадок‑Ула‑Камень, – расказаў начальнік дыстанцыі Віктар Прыходзька. – На Р‑114 заасфальтавалі праблемны ўчастак (1440 кв. м), правялі ямачны рамонт на 450 кв. м. Рамонт распачалі і на трасе Р‑20 – ужо ўбралі яміны на 300 кв. м. На гэтай жа дарозе (каля вёскі Ужляціна) адфрэзеравалі тысячу метраў квадратных, падрыхтавалі да ўкладкі новага асфальту. Зараз ідзе дэмантаж бар’ернай агароджы. 830 метраў агароджы з чорнага металу памяняем на ацынкаваны».

У бліжэйшы час дарожнікі прыступяць да фарбавання слупоў асвятлення, поручняў на мастах праз Обаль (каля Рашэтнікаў), Дзвіну (каля Мікалаева), Будавесць (каля Мікіціхі), установяць новыя сігнальныя слупы, будзе заменена трыста дарожных знакаў, зроблены новы пластыкавы шумаахоўны экран уздоўж вуліцы Юбілейнай.

Па словах Віктара Прыходзькі, зараз на Р‑20 працуюць работнікі ДЭУ‑36 з Віцебска, будзе задзейнічана яшчэ адна дарожная служба з абласнога цэнтра – ДЭУ‑31. Прыедуць на дапамогу дарожнікі з Полацка, Гарадка, Бешанковіч.

У распараджэнні ёсць тры МАЗы, чатыры трактары, грэйдзер, пагрузчык, дзве “Газэлі”. На афарбоўку павільёнаў, бардзюраў, на ўборку смецця накіраваны паўтара дзясятка чалавек ад упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. З асноўнымі работамі на Р‑20 служба мяркуе справіцца да Дня Перамогі.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *