Районный конкурс «Лучший пахарь» прошёл в Шумилино

2024 - Год качества Новости Общество Сельское хозяйство

Час сяўбы – самы напружаны для сельскіх працаўнікоў. Трэба працаваць у тэмпе і па тэхналогіі. Перш чым пасеяць, трэба глебу ўзараць.

Хто гэта робіць хутка і якасна, хто пры гэтым валодае лепшымі тэарэтычнымі ведамі – вызначалі падчас раённага агляду-конкурсу «Лепшы араты», які прайшоў 9 красавіка ва ўрочышчы Дзюбянка УП «Шумілінскі райаграсэрвіс».

У конкурсе прымалі ўдзел прадстаўнікі з кожнага сельгаспрадпрыемства. Восем лепшых механізатараў раёна спаборнічалі паміж сабой у тэарэтычнай частцы за шырокім сталом, вырабленым работнікамі УП «Шумілінскі райаграсэрвіс», калі адказвалі на пытанні па асновах земляробства, тэхналогіі работ на палетках, па ахове працы, а таксама ў практычнай частцы, калі трэба было ўзараць пэўны ўчастак палеткаў.

Пакуль удзельнікі конкурсу спраўляліся з заданнямі, прысутныя маглі паслухаць песні вакальнай групы народнага хору «Світанак» раённага цэнтра культуры, пачаставацца смачнай кашай і гарбатай з булачкамі, якія прыгатавалі ў палявой кухні повары СУП «Лаўжанскае».

А тым часам трактары плылі па полі. Восем магутных МТЗ – гэта сіла! За некалькі хвілін быў узараны ладны ўчастак палеткаў. Строгае журы хадзіла па полі з лінейкай, каб праверыць якасць ворыва, яго глыбіню, захаванне кантрольных ліній і разваротаў. На конкурс запрасілі старшакласнікаў, каб тыя паглядзелі, як працуюць прафесіяналы на палетках за рулём магутных трактароў. Магчыма, зараз у школах раёна вучацца будучыя перадавікі сельскай гаспадаркі.

Падчас падвядзення вынікаў конкурсу слова прадаставілі намесніку старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Мікалаю Караткевічу. Ён адзначыў важнасць аднаўлення конкурсу, які аб’ядноўвае і згуртоўвае, падчас якога можна падзяліцца вопытам.

«Сёння ў нас свята. Мы яго арганізаалі, каб падняць прэстыж рабочай прафесіі, – адзначыў старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык. – Усе ўдзельнікі малайцы, усе стараліся! Ва ўпартай барацьбе вызначаны лепшыя». А пераможцамі аказаліся Віталь Антонаў з ААТ «Прыазёрны мір» на «Кіраўцы» і Рыгор Кавалёў з УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» на МТЗ-1221.

Шмат цёплых слоў у адрас механізатараў сказала старшыня Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК Таццяна Дзіканава. Яна ўручыла па-дарункі самаму маладому механізатару Сяргею Трошыну з «АграБаравінкі» і аднаму з вопытных – Васілю Аглушэвічу з «Ульскага». Астатнім удзельнікам конкурсу дасталіся суцяшальныя прызы ад райкама прафсаюза работнікаў АПК, якія ўручыла старшыня Вольга Пусянкова.

Многія выказалі спадзяванне, што конкурс стане ў раёне традыцыйным. Думку падтрымалі і арганізатары конкурсу – райкам прафсаюза работнікаў АПК, раённы цэнтр культуры, упраўленне райсельгасхарчу.

СЛОВА – ПЕРАМОЖЦАМ

Віталь АНТОНАЎ:

– Больш за трыццаць гадоў кірую МТЗ. Таму працэс ворыва для мяне – справа прывычная. Выконваў на конкурсе ўсё так, як мяне вучылі. Хвалявання практычна не было.

Рыгор КАВАЛЁЎ:

– Я крыху хваляваўся на тэарэтычным конкурсе. Не разлічваў, што мяне чакаюць і пытанні па правілах дарожнага руху. Нягледзячы на тое, што ў МТЗ шмат конскіх сіл, ворыва – гэта амаль ювелірная работа, бо трэба ўлічваць кожную дробязь. У практычным заданні дапамагло тое, што конкурс праходзіў на палетках сваёй гаспадаркі, як кажуць, знаёмых і родных.

Ларыса ЗАЙЦАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *