Час студатрадаў
У чацвер, 30 мая, у Віцебску прайшло ўрачыстае адкрыццё трэцяга працоўнага семестра‑2024. Намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў уручыў тэрытарыяльным штабам Віцебскай вобласці, у тым ліку і Шумілінскаму раённаму штабу, пуцёўкі ў працоўнае лета.
Падлеткі, якім споўнілася 14 год, могуць летам уладкавацца на работу – у індывідуальным парадку ці ў студатрад. Гэта добрая магчымасць не толькі карысна правесці летнія канікулы, а і зарабіць свае першыя грошы.
У чэрвені пяцёра падлеткаў індывідуальна працаўладкаваліся ў Шумілінскую ПМК70. «Для нашага прадпрыемства стала добрай традыцыяй браць падчас летніх канікулаў на работу падлеткаў, – расказала начальнік аддзела па арганізацыйнакадравайі прававой рабоце Шумілінскай ПМК70 Марына Шыраева. – Лішніх рук на будаўнічых аб’ектах не бывае. Штосьці паднесці, дзесьці прыбраць і, нарэшце, авалодаць першапачатковымі навыкамі будаўнічых прафесій».
Па словах першага сакратара райкама ГА БРСМ Вікторыі Бяляевай, у ліпені ў раёне будуць працаваць два студатрады па 10 чалавек – у Шумілінскай ПМК70 і Шумілінскім лясгасе.
Сельгаспрапрыемствы раёна таксама прымуць на работу падлеткаў. Як паведаміла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Людміла Грузневіч, плануецца, што ў «Прыазёрным міры», «Лаўжанскім» і «Ляжнях» будуць працаваць па чацвёра падлеткаў, у «Ульскім» – трое, у «АграБаравінцы» і «Сіроцінскім» – па двое.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

