Выстава васковых фігур «Вялікія і знакамітыя». Гісторыя ў асобах
У выставачнай зале Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея праходзіць выстава «Вялікія і знакамітыя» Санкт-Пецярбургскага музея васковых фігур. Тут прадстаўлена больш за 15 фігур знакамітых асоб, якія паказваюць у дакладнасці гістарычных асоб і палітычных дзеячаў, артыстаў эстрады, прадстаўнікоў Кнігі рэкордаў Гінеса, вядомых кінагерояў.
«Так званае васковае, або першапачаткова парафінавае, мастацтва зарадзілася на Усходзе, –– расказвае дырэктар музея Святлана Іванова. – У XVI стагоддзі ўсходнія чарадзеі стваралі маленькія парафінавыя фігуркі і выкарыстоўвалі іх падчас сваіх рытуалаў. Далей фігуры з воску сталі рабіць у Старажытным Рыме. Багатыя і знакамітыя людзі, жадаючы пакінуць памяць пра сябе, заказвалі ў майстроў васковыя статуі сваіх фігур для нашчадкаў. Амаль адначасова васковыя фігуры пачалі вырабляць і ў Старажытнай Грэцыі. Мода на гэты від мастацтва хутка распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе, дзе першая выстава з васковымі фігурамі адбылася ў XVIII стагоддзі. Потым у Англіі, Германіі і Францыі сталі адкрывацца музеі з васковымі экспанатамі».
У Расію першае васковае тварэнне прывёз Пётр I. Гэта была скульптура яго галавы. Наогул пры кіраванні Пятра Вялікага было створана нямала фігур. У наступныя гады і стагоддзі аб васковым рамястве сталі забываць. Толькі ў 90-я гады XX стагоддзя ў Расіі пачалося адраджэнне гэтага несправядліва забытага мастацтва. У 1988 годзе ў Санкт-Пецярбургу майстры стварылі першую калекцыя васковых фігур па ўласна распрацаванай тэхналогіі іх вырабу. Першая выстава васковых фігур прайшла ў Пецяргофе. Адкрыццё выставы адбылося ў ліпені 1990 года. У экспазіцыі было прадстаўлена 19 васковых фігур. Персанажамі паслужылі царскія асобы, а таксама славутыя асобы XVIII стагоддзя. У цяперашні час музей васковых фігур у Санкт-Пецярбургу з усімі яго філіяламі валодае адной з самых багатых калекцый экспанатаў сярод усіх выставачных залаў васковых фігур у Еўропе. У ім налічваецца звыш 1000 адзінак.
«Выстава з Санкт-Пецярбурга, якая зараз дэманструецца ў нашым музеі, з’яўляецца ўжо трэцяй па ліку, –– заўважае Сятлана Іванова. –– Яе наведванне будзе цікава ўсім, хто хоча бліжэй і ва ўсіх дэталях разгледзець людзей, якіх звычайна можна ўбачыць на старонках глянцавых часопісаў, тэлебачанні або ў падручніках па гісторыі, а таксама правесці вольны час з карысцю. Выстава падоўжыць сваю работу да 17 ліпеня, штодня, акрамя панядзелка, з 9.00 да 18.00, перапынак з 13.00 да 14.00. Уваход платны. Даведкі па тэлефоне 5-84-02».
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.

