Украинский ансамбль из Белой Церкви покорил сердца шумилинцев

Актуалии Культура Общество

Душа спявала разам з “Церніцаю”
Шуміліну пашанцавала, што мястэчка  побач з Віцебскам, побач са “Славянскім базарам”. Гэта акалічнасць ужо не першы год дае магчымасць дакрануцца да сусветнай культуры.  Падчас фестывалю ў нашым раёне жылі артысты з Украіны — народны фальклорны ансамбль “Церніца”  з Белацаркоўскага раёна Кіеўскай вобласці.
Ансамбль створаны ў 1988 годзе пры раённым Доме культуры. У 1995 годзе калектыву прысвоена званне народны. “Церніца”  — удзельнік і лаўрэат шматлікіх конкурсаў і фестываляў. Калектыў пабываў на міжнародных фестывалях у Італіі (“Чароўна Україна”), Расіі (“Падмаскоўныя вечары”),  Балгарыі (“Пернік”).  З 2009 года ўдзельнічае ў Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” і   свяце традыцыйных культур “Браслаўскія зарніцы”.
Начальнік аддзела культуры і турызму Белацаркоўскай раённай дзяржаўнай адміністрацыі  Людміла Палішчук, якая дарэчы сама спявае ў ансамблі, расказала, што сёлета калектыў штодзень выступаў на канцэртных пляцоўках фестывальнага Віцебска: на плошчы Свабоды, на раённых падворках. Далі канцэрт у Гарадку.
Людміла Мікалаеўна падзялілася сваімі ўражаннямі ад “Славянскага базару”: “Чацвёрты год прыязджаем у Віцебск на фестываль і робім гэта з вялікім задавальненнем. Нідзе не прымаюць так горача і шчыра, з асаблівай душэўнай цеплынёй, як тут. Вельмі падабаецца высокі арганізацыйны ўзровень фестывалю”.
У мінулы чацвер украінскія артысты далі цудоўны канцэрт на развітанне, як падзяку за гасціннасць Шуміліншчыны.  Кажуць, у песні жыве душа народа. На сцэне ў парку г.п. Шуміліна шырокай, гучнай хваляй разлівалася душа ўкраінскага народа. Магутная  і патрыятычная, пяшчотная і лірычная, вясёлая і жартаўлівая. Усё гэта было ў песнях. У рэпертуары ансамбля ёсць і старадаўнія народныя песні, і сучасныя ці нядаўнія творы ўкраінскіх аўтараў, але песні, якія практычна сталі народнымі не толькі на радзіме, але і на прасторах былога СССР.
Зычныя галасы і мілагучная ўкраінская мова, здавалася, напоўнілі ўвесь парк, увесь наш гарадскі пасёлак, рваліся прама ў неба. А калі Раман Бічак заспяваў “Чырвону руту”, то падпявалі ўсе.
Ад імя шумілінцаў артыстам падзякаваў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Ён выказаў пажаданне працягнуць культурнае супрацоўніцтва і прадоўжыць абмен канцэртнымі праграмамі і выступленнямі творчых калектываў.   Памятны падарунак  і букет кветак кіраўніку калектыву Таццяне Мішчук уручыў начальнік аддзела культуры райвыканкама А. Ф. Мацвяйчук. Ну а шумілінскія гледачы падтрымалі артыстаў шчырымі апладысментамі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №58 ад 24.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *