Новости из Шумилинского лесхоза

Новости Экономика

Обновлённое здание Шумилинского лесхоза

У Шуміліне будзе новы будынак лясніцтва
Яшчэ ў красавіку мінулага года ў Шумілінскім лясгасе распачалі капітальны рамонт з рэканструкцыяй. І сёння знешнім выглядам адміністрацыйнага будынка залюбуешся.
“Фасадныя работы вялі работнікі ПМК-70, – расказвае дырэктар лясгасу Ігар Яўгенавіч Папок. – А дах перакрылі спецыялісты “Шумілінагандальбуду” – замест былога плоскага зрабілі скатны з металачарапіцы. Адрамантавалі, пафарбавалі і рамонтна-механічныя майстэрні. Мы задаволены работай усіх будаўнікоў”.
У адміністрацыйным будынку замянілі вокны, сцены ўцяплілі. Унутры правялі рамонт у кожным кабінеце: зрабілі падвясную столь, паклеялі абоі, аднавілі падлогу. У адрамантаваных кабінетах і новая мэбля, якую закупілі зусім нядаўна. Работы па капітальнаму рамонту працягваюцца: устанаўліваюць вадасцёкі і адлівы, дэманціруюць жалезную агароджу.
“Рамонт вядзём уласнымі сіламі, – працягвае гаворку Ігар Яўгенавіч. – Толькі ў гэтым годзе патрацілі 628 мільёнаў рублёў.
Увогуле на рэканструкцыю і добраўпарадкаванне Мікалаёўскага лясніцтва, бягучы рамонт Обальскага, Каз’янскага лясніцтваў і будаўніцтва гаражоў пры Обальскім лясніцтве патрацілі 1 мільярд 211 мільёнаў рублёў”.
А яшчэ на тэрыторыі лясгасу зроблены дзве цяпліцы – для зялёнага чаранкавання і для лесакультурнай вытворчасці. Заглядваем у першую. Тут растуць саджанцы ядлоўцу, жоўтай акацыі, плакучай вярбы – больш за сем тысяч чаранкоў. У другой цяпліцы пасеяна каля ста тысяч штук бярозак. “Саджанцы бярозы мяркуем выкарыстоўваць для асабістых патрэб, – кажа галоўны ляснічы лясгасу Іван Аляксандравіч Трыногін. –  Гэта будзе вельмі зручна, бо тэрміны вясенняй пасадкі дрэў звычайна сціслыя. А вось дэкаратыўна-пасадачны матэрыял плануем рэалізоўваць іншым лясніцтвам вобласці і насельніцтву”.
І яшчэ. Як расказаў І. Я. Папок, лясгас нядаўна закупіў на Шклоўскім заводзе газетнай паперы камплект каркасна-шчытавога дома коштам 200 мільёнаў – пад новы будынак Шумілінскага лясніцтва. Будаўніцтва мяркуюць пачаць ужо ў кастрычніку гэтага года.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №66 ад 21.08.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *