В Шумилино прошло заседание райисполкома

Актуалии Президент

Участники заседания райисполкома на городском стадионеУ. П. Куранны: “Многае магчыма. Галоўнае – захацець нешта рабіць”
У мінулую пятніцу прайшло пасяджэнне райвыканкама.  Нечаканай для актыву раёна стала прапанова старшыні райвыканкама У. П. Кураннога змяніць ход работы мерапрыемства і, перш чым абмяркоўваць вынесеныя на парадак дня пытанні, наведаць некаторыя аб’екты Шуміліна.
Дзіцячы яслі-сад №1, гарадскі стадыён, Дом культуры, фізкультурна-аздараўленчы комплекс – праблемы і недапрацоўкі, якія дэманструюць сабой гэтыя аб’екты, трансліруюць сітуацыю ў раёне наогул, перакананы кіраўнік раёна.
Першае і галоўнае патрабаванне У. П. Кураннога – парадак і чысціня. Горад і ўвесь раён павінны выглядаць прыстойна, з лёгкасцю расказваць  пра сваіх жыхароў, як пра адказных, старанных  і працавітых людзей.  Зроблена і робіцца многае, заўважае Уладзімір Пятровіч, але ж толькі працэнтаў 30% даручэнняў старшыні райвыканкама выконваецца, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый праяўляюць дужа нізкую ініцыятыву.
У дзіцячым садзе спыніліся ля нядаўна ўсталяванага там дзіцячага ігравога комплексу. А чаму б такому не быць у кожным дзіцячым садку? А чаму б Обальскаму керамічнаму заводу не выпускаць такія ж? А чаму б не добраўпарадкаваць установы адукацыі так, каб дзецям было ўтульна, каб з малых год прывучаць іх да парадку і прыгажосці.  Абурыла кіраўніка раёна адсутнасць парадку на заднім двары сада. А “Фартуна”, а “Блюз” – усюды за агароджамі творыцца жах.
Асобная размова пра тыя будынкі, што некалі пасяліліся ў цэнтры горада, а сёння сур’ёзна і настойліва псуюць яго знешні выгляд. Будынак статыстыкі знеслі. Чарга  за яшчэ двума жылымі дамамі і будынкам,  дзе некалі мясціліся яслі. Уладзімір Пятровіч расказаў, што пытанні вырашаюцца: людзей гатовы забяспечыць кватэрамі з усімі зручнасцямі.
Адказнасць за былы будынак ясляў узяло на сябе прыватнае прадпрыемства “Люб Эл Плюс”. Заўтра-паслязаўтра ім выдаецца крэдыт у 150 мільёнаў на рэканструкцыю, пашырэнне вытворчых плошчаў, адкрыццё новых рабочых месцаў. В. Я. Ермаловіч, дырэктар прадпрыемства, запэўніў, што работы будуць праведзены ў самы сціслы тэрмін. Літаральна на гэтым тыдні пачнецца дэмантаж даху і будаўніцтва новага. Гэтая работа пад самым пільным кантролем, бо нельга дапусціць, каб такі непрывабны будынак псаваў гарадскі пейзаж, знешні выгляд цэнтра горада.
Гаварыў старшыня райвыканкама пра добраўпарадкаванне дарог, пра асвятленне вуліц, тэрыторый ля арганізацый і прадпрыемстваў, падсветку офісных будынкаў. Стадыён зарастае травой, дзеці не захопленыя спортам, няма ніякага энтузіязму  і ў аддзела спорту.  У момант наведвання на рэканструкцыі ФАКа працавалі чатыры чалавекі. Мала. Праблему з гэтым будынкам трэба тэрмінова вырашаць. Дырэктар ПМК-70  Ю. А. Крыўко заявіў, што сёлета ўдасца толькі “закрыць перыметр, паставіць дах і вокны”.  Спяшаюцца сёння з рамонтам фасаду СШ №1: добра было б завяршыць яго да 1 верасня. На дах у бальніцы кіраўніцтва вобласці паабяцала 1 мільярд 200 мільёнаў рублёў. Грошы ўжо  пачалі паступаць. “Многія пытанні вырашаюцца. Галоўнае – толькі захацець нешта рабіць”, — упэўнены У. П. Куранны.
Плянарная частка пасяджэння прайшла ў вялікай зале Дома Саветаў.  Абмяркоўвалі ў гэты дзень работу Светласельскага сельвыканкама,  аналізавалі сітуацыю са зваротамі грамадзян у раёне, гаварылі пра ахову працы.
Светласельскі сельсавет асаблівы.  Па месцазнаходжанні, памерах,  па колькасці і шчыльнасці насельніцтва.  Два аграгарадкі, буйное сельскагаспадарчае прадпрыемства, галоўныя культавыя збудаванні раёна – усё гэта Светласельскі сельскі савет. “У цэлым, — адзначыла начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама  Н. У. Захарава, калі рабіла справаздачу па пытанні, — сацыяльныя стандарты на тэрыторыі сельсавета выконваюцца, працуе “адно акно”, дзейнічае інстытут старэйшын, вядзецца работа па добраўпарадкаванні (асабліва актыўна па зносу пустуючага жылля і ўцягванні зямель у сельскагаспадарчы абарот), тлумачальная – з людзьмі. Насельніцтва добраахвотна ахвяруе грошы на навядзенне парадку. В.  В. Шчарбакоў, старшыня сельвыканкама, расказаў, што сёлета ўдалося адрамантаваць 4 калодзежы.  Гарачае пытанне на сёння – гэта ўборка зерня на прыватных участках (на момант пасяджэння было ўбрана толькі 3%). Добраўпарадкаванне кантэйнерных пляцовак і рамонт дома № 2 па вуліцы Светласельскай – праблемы, якія ўсплылі ў ходзе падворнага абходу і яшчэ не вырашаны. “Дах дома па вуліцы Светласельскай будзе адрамантаваны да наступлення халадоў,” – паведаміў старшыня сельсавета на пасяджэнні. Але на момант напісання матэрыялу высветлілася, што пытанне ўжо знятае – ЖКГ правяло рамонт даху, даў інфармацыю В. В. Шчарбакоў.
Да 15 верасня дадзены тэрмін в.а. старшыні праўлення райспажыўтаварыства Л. С. Доктаравай прывесці ў парадак гандаль у Башнях: будынак магазіна мае непрывабны выгляд, бедны асартымент тавараў, не выкарыстоўваецца кафэ.
Л. І. Казаравец, спецыяліст упраўлення справамі райвыканкама, адзначыла рост зваротаў грамадзян за першае паўгоддзе гэтага года на 112,3%. Асабліва непакоіць рост зваротаў у вышэйстаячыя інстанцыі (больш, чым у паўтара раза). У асноўным гэта пытанні, што тычацца сфер дзейнасці жыллёва-камунальнай гаспадаркі, жыллёвага заканадаўства, аказання матэрыяльнай дапамогі, дарожнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва (людзі хочуць мост праз чыгунку). З дзесяці зваротаў, накіраваных у аблвыканкам, тры задаволеныя, па адным адмоўлена, па астатніх дадзеныя тлумачэнні. Павялічылася колькасць зваротаў у пракуратуру раёна, прычым, тычыліся яны праблем сацыяльнага характару.
Самы высокі паказчык  скаргаў у разліку на тысячу чалавек у Сіроцінскім сельвыканкаме – 10. Старшыня сельвыканкама В. А.  Пастарнакова тлумачыла сітуацыю ля трыбуны. “Усплыло” тут і пытанне з фермай “Слабада”: Уладзімір Пятровіч даў тэрмін кіраўніцтву гаспадаркі да 15 верасня добраўпарадкаваць тэрыторыю, зрабіць усё неабходнае па стварэнні камфортных умоў для работы жывёлаводаў. Паабяцаў кіраўнік раёна 15 верасня выехаць на гэту ферму, а заадно і ўвесь сельсавет аб’ехаць.
Дарэчы, што тычыцца фермаў. У КУСГП “Сіроцінскі” функцыянуюць дзве фермы, дзе няма малакаправодаў (Сіроціна і Грабніца), дзе жанчыны вымушаны па адной-дзве тоны малака пераносіць уручную. Па раёне такіх фермаў – 11.  “Гэту сітуацыю трэба тэрмінова выпраўляць, да кастрычніка кожная ферма павінна быць абсталявана таксама душавой кабінай, дастойным пакоем для адпачынку”, — даваў распараджэнні У. П. Куранны.
У два разы павялічылася колькасць калектыўных зваротаў (палова – у адрас ЖКГ), электронных (тычацца ў асноўным увекавечання памяці загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны). “Вісіць” пакуль і пытанне з завяршэннем капітальнага рамонту  дома №1 па вуліцы Светласельскай у аднайменным аграгарадку. Тэрмін для яго вырашэння – да 1 кастрычніка.
У. П. Кураннога абурае і тое, што, часам людзі скардзяцца дзеля самога працэсу, быццам, і вынік ім не дужа патрэбны: “Некаторыя жыхары нават і не ведаюць, што іх пытанне вырашана, што вядуцца работы, што многае зроблена”, — звяртае ўвагу прысутных кіраўнік раёна.
Па ўсіх абмеркаваных пытаннях былі прынятыя рашэнні. Упраўленню спраў дадзена даручэнне сачыць за выкананнем распараджэнняў кіраўніка раёна.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №68 ад 28.08.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *