16 февраля в Лесковичах прошёл районный праздник «Белорусская лыжня-2013»

Актуалии Спорт, туризм

Усе дарогі вялі ў Лескавічы
У мінулую суботу ўсе дарогі Шуміліншчыны вялі ў Лескавічы, дзе праходзіла традыцыйнае раённае спартыўна-культурнае свята “Беларуская лыжня”.
Усіх аматараў лыжаў гасцінна сустракала раённая гімназія, у памяшканні якой праходзіла рэгістрацыя каманд з усіх прадпрыемстваў і арганізацый  раёна.  Быў зарэгістраваны 341 удзельнік спаборніцтваў, не лічачы шматлікіх балельшчыкаў і груп падтрымкі. Тут жа разгарнулі свой пост шумілінскія медыкі – жадаючых  памераць артэрыяльны ціск перад забегам было дастаткова. Не ўпусціла магчымасць папоўніць рахунак і гімназія, скарыстаўшыся наплывам гасцей: смачнае печыва, дра-нікі, гарачая кава і чай прыцягвалі да сталоў, каб падмацаваць сілы перад лыжнёй.  А на пляцоўцы ля гімназічнага стадыёна разгарнулі палаткі і палявую кухню кухары з райспажыўтаварыства: смажаныя каўбаскі і шашлыкі, поліўка і іншыя пачастункі вабілі да прылаўкаў тых, хто сабраўся на свята. З дынамікаў ліліся песні і музыка – работнікі культуры падрыхтавалі да свята музычную праграму.
Традыцыйнае пастраенне ля флагштока з дзяржаўным сцягам. З вітальным словам да прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама   А. М. Зайцаў.  Анатоль Мікалаевіч адзначыў дасягненні маладых біятланістаў з нашага раёна, якія выступаюць ужо на міжнародным узроўні.  У Лескавічах штогод збіраюцца аматары лыжаў  паспаборнічаць, адпачыць на свежым паветры, сустрэцца з сябрамі і знаёмымі, адзначыў ён. Да адпачынку запрашала і надвор’е – невялікі мароз, з неба спачатку ляцелі лёгкія сняжынкі, але хутка сонейка, яркае не па-зімоваму, разагнала хмары.
Вось пачаліся і забегі. Вочы самі вышуквалі знаёмыя твары фаварытаў і пастаянных штогадовых удзельнікаў лыжні, тых,  хто меў настрой не проста паўдзельнічаць у спаборніцтвах, а змагацца за перамогу. Умовы для спаборніцтваў былі даволі жорсткія – снег у адлігу сеў, стаў шчыльным, а мароз ператварыў яго ў шарпак і лёд. Таму не абышлося без шматлікіх падзенняў.
Як заўжды, пачаліся спаборніцтвы са стартаў старэйшых лыжнікаў. Ну а завяршалі старты самыя шматлікія групы дзяўчат і юнакоў ва ўзросце ад 18 да 29 год. Дыстанцыя невялікая – 2 км для жанчын, 3 км для мужчын, таму праз кароткі час спартсмены пачалі фінішаваць. Акрамя суддзяў на фінішы спартсменаў сустракалі сябры, калегі, падбадзёрвалі вокрыкамі, кідаліся на падтрымку пасля завяршэння дыстанцыі, паілі гарачым чаем, дапамагалі здымаць амуніцыю, клапатліва накідвалі цёплыя курткі і паліто.
Адбылася і традыцыйная сямейная эстафета, у якой сёлета бралі ўдзел чатыры сямейныя каманды.
Хутка на пляцоўцы змяшаліся ўсе – балельшчыкі, лыжнікі, якія чакалі старты,  і тыя, хто завяршыў дыстанцыю. Апошнія ператвараліся ў балельшчыкаў і самі ўжо падтрымлівалі сваіх на фінішы. Тут жа адбываліся і ўзнагароджанні. Пад урачыстую музыку пераможцы і прызёры ўздымаліся на п’едэстал. А. М. Зайцаў віншаваў іх з перамогай, уручаў граматы і каштоўныя падарункі.
Раз’язджаліся ўсе задаволеныя, з цудоўным настроем ад прыроды,  надвор’я і з адчуваннем перамогі над уласнай пасіўнасцю. Раз’язджаліся і развітваліся да наступнай сустрэчы на “Шумілінскай лыжні-2014”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Пераможцы і прызёры лыжных спаборніцтваў
Сямейная эстафета:
1-е месца – Кучко, 2-е – Штокіны, 3-е – Рагожкіны, 4-е — Хамаганавы.
Індывідуальныя спаборніцтвы:
60 год і старэй
Мужчыны
1. Штокін Аляксандр (Обальская СШ)
2. Багданаў Павел (ПМК-70)
3. Сярноў Генадзь (райплемстанцыя)
4. Ляскоў Мікалай (Амбросавіцкая д/с-СШ)
Жанчыны
1. Пацалуйка Інэта (Лаўжанская д/с-СШ)
2. Алюліна Зафія (райвыканкам)
3. Дударава Людміла (КУП БАН)
4. Бароўкіна Паліна (РЦГіЭ)
50-59 год
Мужчыны
1. Барысевіч Аляксандр (ААТ “Лаўжанскае”)
2. Карпаў Юрый (УП ЖКГ)
3. Дабравольскі Аляксандр (райвыканкам)
4.Садоўскі Мікалай (Навікоўская СШ)
5. Далімаеў Алег (Навікоўская СШ)
Жанчыны
1. Барадзёнак Лілія (аддзел культуры)
2. Казлоўская Наталля (Мішкаўская СШ)
3. Пруднікава Інэса (Крывасельская д\с-ПШ)
4. Карташова Таццяна (Обальская СШ)
5. Ганебная Любоў (аддзел культуры)
40-49 год
Мужчыны
1. Рагозін Юрый (Светласельскі д\с)
2. Лапацін Юрый (Навікоўская СШ)
3. Пятроў Аляксандр (Шумілінскі лясгас)
4. Ільясевіч Браніслаў (Мішневіцкая СШ)
5. Пальвінскі Юрый (Башнёўская СШ)
Жанчыны
1. Караленка Антаніна (Язвінская д\с-БШ)
2. Бадрова Валянціна (Шумілінская ЦРБ)
3. Ахтарыева Ірына (Язвінская д\с-БШ)
4. Міляк Ганна (Кардонская д/с-СШ)
5. Гусакова Алена (“Белдзяржстрах”)
30-39 год
Мужчыны
1. Гаралевіч Мікалай (РАУС)
2. Лысанаў Аляксандр (ОКЗ)
3. Грундо Аляксандр (ІП)
4. Волкаў Васіль (ОКЗ)
5. Гоманаў Сяргей (Шумілінскі райаграсэрвіс)
Жанчыны
1. Скорынава Святлана (“Ахова”)
2. Нікіценка Вольга (Сіроцінская д\с-БШ)
3. Шуляр Святлана (Шумілінская СШ №1)
4. Шчамялёва Юлія (райспажыўтаварыства)
5. Карэліна Наталля (райветстанцыя)
18-29 год
Мужчыны
1. Пушкароў Рыгор (СФГ “Раднік”)
2. Полацкі Віктар (РАНС)
3. Курносаў Павел (ААТ “Лаўжанскае”)
4. Пятроў Дзмітрый (РАНС)
5. Аўсяпян Аркадзь (КУСГП “Сіроцінскі”)
Жанчыны
1. Марусава Алена (Шумілінскае ПМС)
2. Іванова Наталля (КУСГП “Мішневічы”)
3. Карэліна Вікторыя (КУСГП “Сіроцінскі”)
4. Серабро Надзея (СФГ “Раднік”)
5. Бараноўская Тамара (КУСГП “Сіроцінскі”)
Надрукавана ў №14 ад 19.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *