56 учеников из школ Шумилинского района стали призёрами районных олимпиад

Актуалии Образование

Вызначыліся пераможцы раённых алімпіяд
Рэспубліканская алімпіяда па вучэбных прадметах служыць важкім крытэрыем ацэнкі работы школ і асабіста настаўнікаў. Стаць пераможцам ці прызёрам алімпіяды – гонар для вучня, падрыхтаваць прызёра – пачэсна для педагога.
Падрыхтаваць прызёра алімпіяды, нават раённага этапа, няпроста. Ад настаўніка патрабуецца карпатлівая работа, ад вучня – жаданне, упартая праца, здольнасць. Ускладняе работу і тое, што заданні для раённай алімпіяды рыхтуюць ў Віцебску, таму ні педагогі, ні вучні не ведаюць іх зместу і ўзроўню складанасці. А заданні вельмі складаныя практычна па ўсіх прадметах, адзначаюць члены журы і настаўнікі школ.
Тым не менш, у нашым раёне штогод ёсць вучні, якія выконваюць алімпіядныя заданні на высокім узроўні і становяцца прызёрамі не толькі раённага этапа алімпіяд, але годна выступаюць і на абласным, і рэспубліканскім узроўнях.
Раённы этап прадметных алімпіяд праходзіў на працягу  лістапада-пачатку снежня па суботах і нядзелях. Гэта дазволіла вучням, якія рыхтаваліся па некалькіх прадметах, праверыць свае веды па максімальна магчымай колькасці вучэбных прадметаў. І як паказваюць вынікі раённага этапа, ёсць тыя, хто стаў прызёрам па двух і нават трох прадметах.
Як расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Д. І. Кахтэнка, у раённым этапе бралі ўдзел 260 вучняў з усіх базавых і сярэдніх школ раёна па 14 прадметах вучэбнага плана. 56 удзельнікаў сталі прызёрамі: 6 атрымалі дыпломы I ступені, 14 – II ступені, 36 – III ступені.
Яўгенія Мамыка (Обальская СШ, 10 клас) стала прызёрам па трох прадметах, у яе дыплом I ступені па рускай мове (настаўнік Баранава Н. В.), II ступені па працоўным навучанні і III ступені па беларускай мове. Яшчэ 13 вучняў атрымалі дыпломы па двух прадметах.
Дыпломы першай ступені атрымалі: па матэматыцы — Дыяна Байдакова (СШ №1, 9 клас, настаўнік Лузгіна Н. У.), па працоўным навучанні — Дарья Макоўская і Марыя Макоўская (Обальская СШ, 11 клас, настаўнік Захарава Л. В.), Ганна Ляснічая (СШ №1, 8 клас, настаўнік Спірыдонава Н. М.), Дыяна Шыдлоўская (гімназія, 9 клас, настаўнік Спірыдонава Н. М.).
Самымі прадстаўнічымі былі спаборніцтвы па матэматыцы, беларускай і рускай мовах, біялогіі – па 25-30 удзельнікаў. Самымі ўраджайнымі на дыпломы рознай вартасці сталі беларуская і руская мовы – 14 і 16 адпаведна. Арганізатары адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі вучняў па працоўным навучанні (абслугоўваючая праца).
Сярод навучальных устаноў бясспрэчнае лідарства мае гімназія – тут 22 прызёры раённага этапа алімпіяды, на другім радку – Шу-мілінская СШ №1 – 17 прызёраў. Пачэснае трэцяе месца ў Обальскай СШ – 7 дыпломаў. У Башнёўскай СШ – 5 дыпломаў, 2 прызёры падрыхтавалі ў Шумілінскай СШ №2, па аднаму – у Мікіціхінскай СШ, Амбросавіцкай д/с-СШ і Язвінскай БШ.
Наперадзе – абласны этап. У раённую каманду ўвайшлі дзевяць вучняў. Жадаем ім поспехаў і перамог! А газета будзе інфармаваць чытачоў аб іх дасягненнях.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №98 ад 20.12.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *