Віншаванні прымалі маці салдат
14 кастрычніка, у Дзень маці, па ініцыятыве раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» на Шуміліншчыне прайшла акцыя-віншаванне маці, чые сыны праходзяць тэрміновую воінскую службу. Да акцыі далучыліся актывісты раённых грамадскіх арганізацый і раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь».
– У Дзень маці нашы партыйцы павіншавалі дзесяць матуль, якія жывуць у Обалі і Лявонаве, – расказала лідар раённага аддзялення партыі «Белая Русь» Вольга Галынчык. – Кожнай маці мы выказалі словы падзякі за тое, што выхавалі сапраўдных патрыётаў нашай краіны, якія сёння праходзяць тэрміновую вайсковую службу і стаяць са зброяй у руках на варце міру і стабільнасці Беларусі. Ад партыі ім падарылі кветкі і віншавальныя паштоўкі.
А члены раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», «Пагранічнікі Шуміліна», «Дэсантнае Шумілінскае Братэрства» і «Беларускі саюз афіцэраў» накіраваліся ў аграгарадок Башні, павіншавалі Алесю Аксюта, Марыну Баранаву і Святлану Вясну. Жанчыны расказалі пра сваіх сыноў: у Марыны сын Валерый – танкіст, тэрміновую вайсковую службу праходзіць пад Барысавам, у Алесі сын Мікіта служыць па кантракце, ён камандзір узвода ў вайсковай часці ў Бароўцы, у Святланы – у Барысаве.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

