У чым сакрэты шчаслівага сямейнага жыцця і выхавання дзяцей?
17 кастрычніка на базе Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Белая Русь” арганізавала дыялогавую пляцоўку “Любви связующая нить”, прымеркаваную да Тыдня бацькоўскай любові.
Мадэратарам пляцоўкі выступіла старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Ірына Шалахава, якая прадставіла запрошаных спікераў: начальніка аддзела загсу райвыканкама Ірыну Якаўлеву, старшыню раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Вольгу Галынчык, псіхолага Шумілінскай ЦРБ Анастасію Купрышчанка. На размову былі запрошаны маладыя сем’і Волкавых, Нячай, Загацкіх і сем’і, якія маюць важкі вопыт сумеснага пражывання: Рашэтнікавы (55 год), Мароз (45 год), Лазука (25 год). У зале прысутнічалі прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раённага цэнтра.
Ірына Шалахава нагадала пра Тыдзень бацькоўскай любові, які праводзіцца ад Дня маці да Дня бацькі, пра ролю шлюбу і сям’і ў жыцці чалавека, грамадства і дзяржавы і запрасіла вопытныя сем’і падзяліцца сваімі сакрэтамі доўгага шчаслівага жыцця і выхавання дзяцей.
Начальнік аддзела загсу райвыканкама Ірына Якаўлева прадставіла статыстычныя дадзеныя па колькасці шлюбаў і разводаў, узросце ўступлення ў шлюб, працягласці сямейнага жыцця, колькасці народжаных дзяцей у храналагічнай рэтраспекцыі. Спікер адзначыла негатыўныя тэндэнцыі, якія тычацца многіх паказчыкаў. Так, расце колькасць разводаў, зніжаецца колькасць народжаных дзяцей, што не можа не хваляваць. Як адзначыла Ірына Якаўлева, гэтыя тэндэнцыі агульныя для большасці развітых краін, але нас цікавіць сітуацыя на Шуміліншчыне.
А дадзеныя аб тым, што расце колькасць сямей, якія жывуць, нараджаюць і выхоўваюць дзяцей без заключэння шлюбу, сталі падставай для размовы. Усе згадзіліся з думкай, што ў гэтым выпадку жанчына і дзеці аказваюцца неабароненымі пры распадзе пары ў матэрыяльным плане, бацька ў меншай ступені адчувае адказнасць за выхаванне дзяцей і захаванне сям’і.
Вольга Галчынчык расказала пра дзяржаўную падтрымку сям’і, мацярынства і дзяцінства. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заўжды падкрэслівае неабходнасць дзяржпадтрымкі сямей, фарміравання культу сям’і з двух і больш дзяцей, надае шмат увагі сацыяльнай абароне маці і дзяцей, адзначыла спікер. У краіне створаны ўсе ўмовы для нараджэння і выхавання дзяцей, медабслугоўвання, атрымання адукацыі. Дзяржаўны клопат пра сям’ю ляжыць у аснове беларускай дзяржавы і палітыкі нашага Прэзідэнта.
Анастасія Купрышчанка падзялілася прафесійнымі парадамі для ўмацавання адносін у сям’і.
Найбольшую цікавасць выклікалі выступленні прадстаўнікоў сямей. Маладыя людзі падзяліліся сваім невялікім вопытам сумеснага жыцця і стварэння сямейнага шчасця. Дарэчы, гэта супадала з тым, што прапаноўвалі і раілі сем’і з вялікім стажам. Каханне, узаемапавага, узаемаразуменне, уменне дараваць памылкі і саступаць адзін аднаму – для розных сітуацый магчымы розныя варыянты і ўменне выбіраць правільныя паводзіны прыходзіць з часам, сцвярджалі ўдзельнікі дыяло-гу Наталля і Уладзімір Лазукі і Таццяна і Мікалай Мароз.
Вельмі эмацыянальным было выступленне Людмілы Рашэтнікавай, якая падзялілася сакрэтамі выхавання дзяцей і ўнукаў: “У многіх краінах ведаюць сваіх продкаў на многа пакаленняў, а мы добра калі на тры. Я заўжды збіраю фатаграфіі ў альбомы, паказваю іх дзецям з маленства, расказваю пра тых, хто на гэтых здымках, пра сямейныя традыцыі. Ім гэта вельмі цікава, і гэта тыя кроплі, з якіх складваецца душа дзіцяці. У ёй захоўваецца павага да сям’і, да сваіх родных і блізкіх, яны будуць перадаваць гэта сваім дзецям”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



