Фермер из Шумилинского района обеспечивает зеленью жителей Витебска, Полоцка и даже Минска

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

“Зяленіва – культура капрызная”
Вырасціць зяленіва, асабліва зімой, – работа даволі няпростая. І да нядаўняга часу за яе не рызыкнуў узяцца ніводны прадпрымальнік нашага раёна. Толькі ў мінулым годзе гэтай работай ўшчыльную занялася сялянска-фермерская гаспадарка “Сонейка Інкарпарэйтыд”, якая знаходзіцца ў Ерашове. Мы пісалі, што Ігар Іванавіч Прыгун, кіраўнік СФГ, доўга жыў у Расіі і вярнуўся на радзіму, каб адрадзіць родную вёску, каб удыхнуць у яе жыццё нанова. І, трэба сказаць, робіць у гэтым накірунку многае. СФГ мае сёння 14 гектараў зямлі, у тым ліку 9,5 гектара ворыўнай. Пры добрым доглядзе (інакш тут і не ўмеюць) гэта зямля дае добры ўраджай.
І. І. Прыгун старанна вывучаў патрэбы рынку, падлічваў усе плюсы і мінусы. Напачатку сваёй дзейнасці (сялянска-фермерская гаспадарка зарэгістравана два гады таму) спецыялізаваліся ў асноўным на вырошчванні гародніны. Летась дзеля гэтага пабудавалі цяпліцу. “Планавалі там вырошчваць гуркі, – кажа Ігар Іванавіч. – Але рынкі збыту аказаліся занятымі і неперспектыўнымі. Таму перашлі на зяленіва. І ўжо мінулай зімой у нашай цяпліцы, якая займае прыкладна тры соткі зямлі, вырошчвалі пятрушку, кроп, салату, цыбулю”.
Расце тут зяленіва і зараз. Рынкі збыту знайсці было няцяжка – пятрушка з Ерашова карыстаецца попытам не толькі ў папулярных гандлёвых цэнтрах абласнога цэнтра –  “Віцебскія прадукты”, “Ніка” і “Амега”, але і ў магазінах Мінска, Наваполацка і іншых гарадоў. Асабліва нарасхват зяленіва перад Новым годам, многія тэлефануюць за месяц-два, загадзя даюць заяўкі. “Вельмі дорага было стартаваць, – расказвае фермер. – Толькі на цяпліцу спатрэбілася сто лістоў полікарбанату, плюс уцяпляльнік, ацяпленне і асвятленне, падагрэў вады. Трэба своечасова прапалоць і завезці прадукцыю аптовым пакупнікам, бо зяленіва – культура капрызная, яна не можа доўга захоўвацца. Улічвалі ўсё гэта, ды ўсё роўна не абышлося без пралікаў і памылак. Але ж за год  крыху навучыліся, думаю, у далейшым справы пойдуць больш гладка”.
У кіраўніка СФГ “Сонейка Інкарпарэйтыд” вялікія планы. Ужо пабудаваную цяпліцу плануюць рэканструяваць, дзеля эканоміі цяпла зрабіць ніжэй і шырэй. Акрамя гэтага, скрыні для зяленіва мяркуюць размяшчаць у два паверхі. І. І. Прыгун афармляе ў “Беларусбанку” крэдыт на 60 мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы пойдуць на будаўніцтва яшчэ адной цяпліцы. Яна будзе зроблена па навейшых тэхналогіях, з кропельным палівам. “Вывучаем гатункі навейшых селекцый, – кажа Ігар Іванавіч. – У зімовы перыяд мяркуем садзіць у асноўным ценевынослівыя сарты. Напрыклад, выгадная ў гэтым накірунку салата «маскоўская парніковая», якая дае ўраджай праз 30 дзён пасля пасадкі”.
Акрамя зяленіва, у гэтым годзе сялянска-фермерская гаспадарка вырошчвае капусту і бульбу. Каля дзесяці тон ранняй капусты здалі  ў “Весту”, “Ніку” і “Амегу”. Дзякуй богу, з рынкам збыту ў гэтым годзе няма праблем. Яшчэ адзін гектар позняга гатунку французскай селекцыі чакае сваёй пары. Як, дарэчы, і дзевяць гектараў бульбы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №72 ад 11.09.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *