30 тонн картофеля с гектара собирают в «Роднике»

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

«Няптун» дае па 300 цэнтнераў
Верасень – месяц журавін і бульбы. А бульба, як вядома, у “Радніку”. Сёлета ў СФГ “Раднік” пасаджана 200 гектараў бульбы.
“Стараемся па максімуму ўхапіць цёплыя дні, – гаворыць галоўны аграном сялянска-фермерскай гаспадаркі Л. М. Прыгун. – У добрае надвор’е добра працаваць: камбайны не буксуюць, бульба сухая”.
Накіроўваемся ў Надзежына. Месца тут высокае – за двума бульбянымі камбайнамі, якія паволі рухаюцца па полі, прасціраецца шырокі слуп пылу.
“Накапалі пяць прычэпаў бульбы па пяць тон кожны, – кажа механізатар Анатоль Карнякоў. –  Да вечара яшчэ далёка – будзе як мінімум яшчэ прычэпаў дзесяць. Ураджай сёлета яшчэ лепшы, чым у мінулым годзе”.
Летась сярэдняя ўраджайнасць бульбы тут была 250-260 цэнтнераў з гектара, а сёлета гатунак “няптун” дае  300 цэнтнераў з гектара. У мінулым годзе гаспадарка накапала 4029 тон бульбы. Па папярэдніх падліках спецыялістаў, сёлета павінны “пераўзысці гэту планку”.
Бульба – не зерне. Ёй не страшна раса і нават невялічкі дождж, яе можна капаць з ранняга да позняга. Вось і працуюць механізатары сялянска-фермерскай гаспадаркі на палетках да цямна. Работу аблягчае тое, што палеткі сёлета размешчаны параўнальна недалёка, і не трэба дадаткова траціць паліва на далёкія перавозкі. А ўвогуле за дзень выкопваюць па 70-75 тон.
Але бульбакамбайны не прыстасаваны, каб бульба выбіралася з зямлі, без камення і пустазелля. Механізатары Анатоль Карнякоў і Леанід Кавалеўскі не ў сілах сачыць яшчэ і за чысцінёй ўраджаю. Гэта справа рабочых Сяргея Варанцова і Сяргея Баранава. Яны стаяць на трохмятровай вышыні бульбакамбайна, уважліва сочаць за транспарцёрам. “Смецця многа, адпачываць не прыходзіцца, – усміхаюцца мужчыны. –  Разумеем, што ад нашай пільнасці залежыць спраўнасць тэхнікі, а, значыць, і тэмпы ўборкі. Бульба гатунку “нептун”, якую капаем зараз, умалотная, прыгожая, гладкая і чыстая”.
На 7 верасня ў СФГ “Раднік” выкапалі 40 гектараў бульбы. Бульбу адразу звозяць у арачнікі ў Макаўе і Галі,   у прыстасаваныя памяшканні ў Мішкавічах і Забор’і, дзе яе перабіраюць рабочыя гаспадаркі, а таксама мясцовае насельніцтва. Кожны дзень на пераборцы працуюць больш за дваццаць чалавек. На днях павінны прыехаць памочнікі з Шуміліна. Далі заяўку з Обальскага дзіцячага садка – хочуць папрацаваць на пераборцы, каб заробіць бульбы на зіму для дашкольнай ўстановы. На гэтым тыдні, па словах Л. М. Прыгун, павінны прыбыць у гаспадарку да 60 памочнікаў на пераборку.
Бульбасховішчы, дзе і зімою будзе захоўвацца бульба, даўно падрыхтаваны і ўцеплены. Сюды на захоўванне закладваюць дзве тысячы тон бульбы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №72 ад 11.09.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *