В Лоеве, на последнем рубеже земляка

Актуалии Общество

У Лоеве, на апошнім рубяжы  земляка
Пётр Антонавіч Акуцыёнак — адзін з чатырох шумілінцаў-франтавікоў, якім прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза. Гэтае прозвішча ведае не толькі кожны вучань СШ № 1 Шуміліна, да будынка якой прымацавана мемарыяльная дошка і імя якога яна носіць, а і кожны, бадай, жыхар нашага раёна. Прыстойнае месца расказ пра П. А. Акуцыёнка заняў у кнізе “Памяць. Шумілінскі раён” (“Ля Дняпроўскіх круч”, стар. 412-414), дастойна будзе захоўваць памяць пра мужнага земляка не адно ўдзячнае пакаленне.
15 кастрычніка 1943-га П. А. Акуцыёнак загінуў на беразе Дняпра, побач з мястэчкам Лоеў, на Гомельшчыне, на некалькі месяцаў перажыўшы свой першы па сутнасці юбілей — сваё 20-годдзе. Нататкі Святланы Емяльянавай, кіраўніка музея гісторыі школы СШ № 1, пасля наведвання лоеўскай зямлі, на нашу думку, шчырыя, нязмушаныя,  кранаюць любоўю да нашага славутага земляка:
«Слова “памяць” для мяне  мае асаблівае значэнне. Не забуду, як, трымаючыся за руку мамы, хвалюючыся,  падыходзіла да брацкіх могілак, каб пакласці на мемарыяльныя пліты букет палявых кветак. Трывожны шэпт лісця, птушкі, якія нечакана змаўкалі, быццам баючыся спалохаць цішыню — усё клалася на маё сэрца смуткам. З расказаў бацькоў, з кніг я пачынала даведвацца аб тым, што такое вайна…
Пазней, стаўшы кіраўніком школьнага музея, з асаблівым хваляваннем вывучала ўспаміны тых, хто перажыў ваеннае ліхалецце. Узрушыў лёс П. А. Акуцыёнка, імя якога носіць школа. Заўсёды хацелася пабываць у мясцінах, за якія наш зямляк аддаў сваё жыццё. І вось такі выпадак  з’явіўся…
Пяцьсот кіламетраў — сем гадзін язды на машыне. І вось Лоеў,  бліз якога 15 кастрычніка 1943 года нашы войскі фарсіравалі Днепр і адкуль пачалося вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Дарога прыводзіць у цэнтр горада. Усхваляваная, ступаю на брукаванку. Прама перада мной, на ўмяшчальнай плошчы, узвышаецца помнік партызанам, за ім адкрываюцца дзівосныя краявіды, уражвае магутны, велічны і горды Днепр. Ад усяго ўбачанага дух займае.
Справа — будынак музея бітвы за Днепр. У музей вырашыла зайсці напрыканцы экскурсіі, а спачатку — на брацкія могілкі, дзе пахаваны П. А. Акуцыёнак. “Вочы адразу знайшлі пліту са знаёмым прозвішчам: “Герой Савецкага Саюза малодшы лейтэнант Акуцыёнак Пётр Антонавіч 25.03.1923 — 15.10.1943”. Падыходжу бліжэй, каб ускласці кветкі, і зноў, як у дзяцінстве, сціскаецца сэрца ад смутку і болю. Але цяпер да гэтага пачуцця дамешваецца пачуццё ўдзячнасці і гордасці за свайго героя-земляка.
За брацкімі могілкамі на ўзвышшы — музей пад адкрытым небам. Баявая тэхніка часоў вайны, на адным стэндзе, прысвечаным подзвігу герояў Дняпра, чытаю цытату з газеты “Правда” ад 17 кастрычніка 1943 года: “Много великих дел, совершенных во славу Родины, видел седой Днепр на своих берегах. Героическими преданиями овеяна его старина, но меркнут все былые подвиги перед подвигами воинов Красной Армии. Еще не бывало такого на берегах Днепра, что совершается там теперь бесстрашными советскими воинами”.
За  фарсіраванне Дняпра і вызваленне лоеўскай зямлі 279 воінаў атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. Сярод іх наш  Пётр Акуцыёнак.
Спускаюся да плошчы, якая пераходзіць у тэрасу і выводзіць прама да Дняпра. Прыгажосць проста зачароўвае!  Тут па-сапраўднаму адчуваеш, які ты шчаслівы, не спазнаўшы жахаў вайны.
І нарэшце — музей. Праходжу па залах, спыняюся ля здымка, на якім  П. А. Акуцыёнак. На мяне глядзяць тыя ж вочы, якія кожную раніцу сустракаюць вучняў Шумілінскай СШ № 1, школы, у якой ён вучыўся і дзе памяць аб ім захоўваюць гэтак жа беражліва, як і ў Лоеве».
Падрыхтаваў Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №80 ад 15.10.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *