«Мы дорым вам цяпло сваёй душы» – пад такой назвай у раённым цэнтры культуры прайшло мерапрыемства, прысвечанае Дню інвалідаў.

«Гэты дзень – нагода прыпыніцца і азірнуцца. Нагода задумацца, ці прапанавалі мы руку дапамогі слабейшаму, – адзначыла намеснік старшыні райвыканкама старшыня раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Ірына Шалахава. – Няхай у сэрцах жыве дабрыня і ўвага, няхай жыве цяпло і любоў у душы». Ірына Іванаўна ўручыла Падзяку Святлане Балашэўскай, старэйшыне вёскі Саладухі, за актыўную жыццёвую пазіцыю. Ёй жа былі ўручаны Падзяка старшыні Светласельскага сельвыканкама за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.
Словы прызнання за бязмежную любоў, цярпенне і падзякі ад раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» былі выказаны маці, якія выхоўваюць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Падзяка была ўручана і клубу «Ад душы» РЦК (кіраўнік Лілія Барадзёнак). Ад раённай ветэранскай арганізацыі, раённай арганізацыі «Беларускае таварыства Чырвонага крыжа» ўзнагароды атрымалі многія жыхары раёна.
У фае цэнтра культуры ладзіліся выставы творчых работ жыхароў раёна, якія наведваюць аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН, раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Прайшла прэзентацыя дзейнасці ТЦСАН. Спецыялісты раённай бібліятэкі падрыхтавалі тэматычны літаратурны агляд. Акцыю па вымярэнні артэрыяльнага ціску «Лічбы здароўя» арганізавалі работнікі ЦРБ.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
