Литературно-музыкальный вечер, посвящённый юбилею Купалы и Коласа прошёл в районной библиотеке

Культура Общество

“Купала і Колас – душа народа і голас…”
Год кнігі  адметны тым, што сёлета адзначаецца 130-годдзе з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Менавіта гэтаму юбілею была прысвечана літаратурна-музычная вечарына “Купала і Колас – душа народа і голас…”, якая прайшла ў чытальнай зале 24 верасня.
Беларускія песняры – сапраўдныя летапісцы жыцця, выразнікі думак і спадзяванняў народа.  Без іх вершаў, апавяданняў, драм  немагчыма ўявіць беларускую літаратуру. Янка Купала і Якуб Колас  – носьбіты высокіх ідэй гуманізму, дабра і справядлівасці,  наш гонар, наша гісторыя.
Пра гэта гаварылі вядучыя літаратурнай вечарыны – бібліёграф  цэнтральнай раённай бібліятэкі Таццяна Сакалова і бібліятэкар Таццяна Ганебная. Яны  расказалі прысутным пра жыццёвы шлях і дзейнасць беларускіх паэтаў. У чытальнай зале сабраліся неабыякавыя людзі, каму  даспадобы беларускае слова. І гэта было асабліва прыемна.
Купалу і Коласа аб’ядноўвае сяброўства, тэматыка паэзіі.  Пісьменнікі пісалі для народа і пра народ. Іван Дамінікавіч Луцэвіч (Купала) шчыра прызнаваўся ў сваіх кнігах: “Усё для сваёй Бацькаўшчыны – Беларусі”.
Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Колас)  – адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, заснавальнік рэалістычнай прозы. Менавіта ён заклаў асновы беларускага рамана. Колас быў назіральным і мудрым чалавекам, яго нават называюць “даследчыкам чалавечай душы”. І гэта яскрава адчуваюць чытачы, якія бяруць у рукі ягоныя аповесці і раманы. Гэта ж пацвердзіла і мультымедыйная прэзентацыя з песнямі на вершы паэтаў, якую падрыхтавалі работнікі раённай бібліятэкі.
Кнігі Купалы і Коласа ніколі не стануць старамоднымі, бо ў іх – само жыццё. Іх вершы чыталі нашы бацькі, чытаем мы, будуць чытаць нашы дзеці і ўнукі. Вечныя тэмы роднай зямлі, патрыятызму, кахання заўсёды будуць хваляваць людзей.
У пацвярджэнне таму юныя чытальнікі вершаў Коласа і Купалы Анастасія Мароз з СШ №1, Елізавета Гусакова і Вікторыя Озерава з СШ №2 пры правядзенні літаратурнай вечарыны чыталі вершы так  выразна, натхнёна і пранікліва, што пасля мерапрыемства  многім захацелася ўзяць у рукі зборнікі беларускіх паэтаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №77 ад 28.09.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *