Давайте обсудим: Надо ли сокращать каникулы, отменять тестирования и закрывать гимназии?

Актуалии Образование Общество

Пра канікулы, ЦТ і  не толькі
У першы дзень вучэбнага года бацькам і настаўнікам падкінулі некалькі тэм для роздуму па зменах у школьнай адукацыі. У газеце “Звязда” дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Анатоль Глаз і Уладзімір Здановіч прапанавалі адмяніць цэнтралізаванае тэсціраванне і закрыць гімназіі. Маўляў, ЦТ не дае аб’ектыўнай ацэнкі ведаў, а гімназіі не патрэбны, бо выклікаюць расслаенне грамадства. Намеснік міністра адукацыі Васіль Будкевіч прапанаваў павялічыць колькасць гадзін на вывучэнне фізікі і матэматыкі за кошт летніх канікулаў, бо ўзровень ведаў па гэтых прадметах няўхільна падае (па выніках ЦТ), у той час, як патрэба ў тэхнічных спецыялістах узрастае.
Пытанні безумоўна актуальныя, але прапанаваныя шляхі іх вырашэння спрэчныя. Найперш варта было б раз і назаўжды вызначыцца: “Чаму трэба вучыць у школе?”  У апошнія гады і нават ужо дзесяцігоддзі ідзе бесперапынная “свістапляска” з падручнікамі. Маўляў, навука не стаіць на месцы, робяцца новыя адкрыцці, колькасць ведаў памнажаецца ў геаметрычнай прагрэсіі. Таму, упэўнены некаторыя, трэба амаль штогод перапісваць падручнікі, папаўняючы іх новымі звесткамі. Але падручнікі не гумавыя, дадаючы нешта, іншае прыходзіцца скарачаць ці выкідваць. Вось і ўзнікаюць правалы, якія настаўнікі вымушаны запаўняць, хто як зможа. Тут і паўстае пытанне, а ці трэба вучню падрабязна ведаць пра найноўшыя дасягненні, калі ён не паспявае ў выніку засвоіць нават базавыя веды. Адказ на пытанне відавочны:  школа павінна даваць БАЗАВЫЯ, ФУНДАМЕНТАЛЬНЫЯ веды, тыя веды, што з’яўляюцца асновай, што не мяняюцца, на чым базіруюцца і найноўшыя адкрыцці ў тым ліку. Ну а пра самае новае і цікавае можна напісаць дадаткова ў апошнім параграфе, які звычайна і завяршаў савецкія падручнікі: “Навука на сучасным этапе”. А ўсё астатняе падрабязна вывучыць ужо студэнт, калі захоча.
Па-другое, трэба вызначыцца з дзяржзаказам на спецыялістаў. Калі ВНУ зашмат  рыхтуюць педагогаў, юрыстаў, эканамістаў, можа варта скарачаць месцы на гэтыя спецыяльнасці, а павялічваць колькасць месцаў у тэхнічных і тэхналагічных ВНУ і ССНУ. Іншы бок праблемы – адносіны да ўжо дыпламаваных спецыялістаў на вытворчасці: зарплата, жыллё, кар’ера.
І яшчэ, навошта ўсім без выключэння паглыбляць веды ў фізіцы і матэматыцы. Можа, варта захаваць гімназіі, вярнуць профільныя класы ў звычайную школу. Лічу апраўданым існаванне і раённай гімназіі.
Што тычыцца ЦТ – пры ўсіх недахопах тэсціраванне дало больш роўныя магчымасці дзецям для паступлення, у тым ліку і на прэстыжныя спецыяльнасці, у тым ліку і з вясковых школ. Ужо не першы год вясковыя школьнікі на ЦТ паказваюць роўныя, а то і лепшыя вынікі. Лічу правільным, хоць і запозненым, увя-дзенне ніжняй планкі балаў для паступлення ў ВНУ: які гэта будзе інжынер ці настаўнік фізікі, калі сам ведае фізіку і матэматыку на 1-3 балы?! Такую планку трэба ўводзіць і па іншых прадметах на адпаведных спецыяльнасцях.
Скарачэнне канікулаў. Гэтае пытанне без спецыялістаў — медыкаў, гігіеністаў, педыятраў, псіхолагаў — вырашаць нельга. Нават калі скарачаць, трэба вызначыць, за кошт чаго скарачаць – за кошт чэрвеня ці, можа лепш, жніўня? Можа перайсці ад чвэрцяў да трыместраў? Падоўжыць калядныя і веснавыя канікулы? Толькі разам – медыкі,                                                         педагогі, бацькі – могуць сказаць, як  лепш.
Што тычыцца перагрузкі вучняў. Вучоба — гэта работа, і работа цяжкая. Зразумела, яна не павінна быць празмернай. Але часта перагрузка залежыць не ад праграм ці колькасці урокаў, а ад суб’ектыўных фактараў. У тым ліку ад настаўнікаў, якія задаюць аб’ёмістыя рэфераты, што аднімаюць шмат часу, пры гэтым кожны задае без уліку і ўзгодненасці з іншымі. Вось і цягне “выдатнік” непамерную ношу. А ці часта бацькі кантралююць дзяцей? Той адгуляе вечар у камп’ютары ці адбадзяецца па вуліцы, а калі спаць кладуцца, высвятляецца, што ўрокі не зроблены.
А што думаеце вы? Прапануем абмеркаваць тэму ў газеце і на сайце
Надрукавана ў №78 ад 02.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *