В хозяйствах района убирают кукурузу

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

“Не зазімуем!”
Па тэмпах уборкі кукурузы   “Прыазёрны мір” наперадзе раённай зводкі – на 28 верасня тут убралі  61,3%  да плана.
На мінулым тыдні за Дабеяй убіралі кукурузу. Тут працавалі два камбайны ААТ “Прыазёрны мір”. Трактары адзін за адным ад’язджалі з поля, везлі да комплексу здробнены корм.
“Кукуруза сёлета вырасла драбнаватая, – тлумачыць малады брыгадзір гаспадаркі Арцём Сухарэўскі. – Вось дзе тарфянікі, дык там пайшла вышэй за чалавечы рост”.
Хаця ўраджайнасць кукурузы ў  “Прыазёрным міры” сёлета  252 цэнтнеры з гектара і гэта на тры цэнтнеры вышэй сярэднераённага паказчыка, мясцовыя механізатары ацанілі ўраджай як “не вельмі”. І нават назвалі некалькі прычын гэтаму: вясной спазніліся з сяўбой, сеялі звычайнымі зерневымі сеялкамі,  а не спецыяльнымі кукурузнымі, ад якіх радкі атрымліваюцца шырэйшымі.
Тым не менш, на ўчастку поля, дзе мы сустрэліся з механізатарамі, кукуруза якраз урадзіла.
“Працуем з раніцы да васьмі вечара, – кажа механізатар Дзмітрый Куралёнак (на здымку). – Другі раз перашкаджае каменне, а так нармальна. Палеткі больш-менш сухія, па крайняй меры не буксуем, як, напрыклад, у мінулым годзе. Засталіся няўбраныя  палеткі толькі ў Горках і ў Войлавічах».
Дарэчы, Дзмітрый Куралёнак за дзень на сваім КВК-800 здрабняе да чатырохсот тон кукурузы, перавыконвае даведзены план больш як у тры разы. У перадавіках і ягоны калега – Віктар Мацюшкоў, які працуе на КЗР-10. Механізатары атрымліваюць за працоўны дзень па 100-150 тысяч рублёў. Гэта нядрэнна, лічаць яны, прыкладна столькі ж, колькі ў час жніва на зернеўборачных камбайнах. Няма праблем і з адвозкай. Рады механізатараў папоўніліся моладдзю – у гаспадарку прыйшлі працаваць Аляксей Міхайлаў, Кірыл Грышчанка, Аляксандр Жыгуноў.
Часта наведвае палеткі дырэктар гаспадаркі В. В. Юхнавец. З вышыні свайго прафесійнага вопыту ён ацэньвае сёлетнюю ўраджайнасць кукурузы як сярэднюю. Два камбайны, на думку Васіля Васільевіча, упаўне хапае для ўборкі. Праблемы толькі тады, калі тэхніка псуецца, а патрэбныя запчасткі не заўсёды пад рукамі. Пакуль з’ездзіш у горад, купіш іх – губляецца час. Але настрой у кіраўніка і механізатараў аптымістычны. “Не зазімуем!” – упэўнены яны.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №78 ад 02.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *