Призвание

Образование

Яго школа – яго родны дом. Назаўсёды
Са школы пайшоў дырэктар… Не, ён не проста пайшоў дадому пасля мітуслівага клапатлівага рабочага дня. Ён пайшоў з Дому, на карысць і росквіт якога працаваў больш за чвэрць стагоддзя.
Ён ішоў і глядзеў на будаўнікоў, якія корпаліся каля школы, на квітнеючы дыван школьных клумбаў, на машыны, на дамы і людзей, але не заўважаў утульнасці летняга дня. Якія думкі наведвалі яго?
Можа, ён думаў пра тое, як хутка-плынна бяжыць жыццё? Як бы не хацелася – не спыніць. Можа, задаваў сабе пытанні: ці ўсё я зрабіў, што мог, ці ўсё паспеў? Як будзе без яго школа, ці справіцца з віхурай па-дзей і перамен? А можа, ён успамінаў кожны пражыты дзень…
Вось ён хлопчыкам бяжыць па вуліцы роднай вёсачкі Амбросавічы. Вакол прастора… У гэтым маляўнічым, адным з прагажэйшых куткоў Шуміліншчыны прайшлі ягоныя дзяцінства і юнацтва. Там ён закончыў школу. Настаўнікі давалі яму не толькі веды. У іх ён вучыўся, магчыма, сам таго не ведаючы, педагагічнай мудрасці. І калі настала пара выбіраць свой жыццёвы шлях, само сабой прыйшло рашэнне стаць студэнтам Віцебскага педінстытута. Затым была служба ў арміі, работа ў школе настаўнікам матэматыкі, інспектарам, а пазней і загадчыкам раённага аддзела адукацыі. А потым была яго школа.
1986 год. У Шумілінскай СШ па-дзея: у школу прыйшоў новы дырэктар. Міхаіл Захаравіч Сямёнаў, чалавек актыўны і дзейсны, уварваўся ў яе жыццё, быццам ураган. Ён стаў натхняльнікам самых лепшых ідэй школьнага жыцця, стваральнікам новых традыцый, стаў, нібыта капітан ля штурвала, і ўмела, пераадольваючы ўсе цяжкасці, вывеў свой карабель пад назвай Шумілінская СШ № 1 на верны курс.
Нічога не ўтойвалася ад яго позірку. Здавалася, ён адначасова мог быць ва ўсіх кутках школы адразу. Вось ён сядзіць на ўроку і ўважліва сочыць за работай настаўніка і вучняў, а вось ужо сам стаіць ля дошкі і тлумачыць задачу павышанага ўзроўню складанасці. Вось крочыць упэўненай паходкай па калідорах школы, спыняючы па шляху сваіх калег і рашаючы з імі надзённыя задачы, ці адкрывае чарговы педсавет. А гэта ён ужо абходзіць прышкольную тэрыторыю – свой гонар, дзе ўсё, як заўсёды, чыста, акуратна, падстрыжана. А яшчэ трэба паспець на нараду ў аддзел адукацыі, выступіць з чарговай справаздачай, пабываць на савеце прафілактыкі, сустрэцца з неруплівымі вучнямі і іх бацькамі, зрабіць масу патрэбных тэлефонных званкоў, вывучыць паступіўшыя дакументы, зрабіць яшчэ шмат неабходных спраў…
У такім тэмпе жыў і ўвесь калектыў. Вучэбны год пераўтвараўся ў адзін доўгі дзень, дзе была толькі школа, школа, школа. І ў той час, калі дырэктар увесь раствараўся ў сваёй рабоце, ягоныя вучні паспяхова выступалі на алімпіядах, здавалі экзамены, заваёўвалі перамогі ў спорце, скаралі сцэну… На гэтыя перамогі і дасягненні, беручы прыклад са свайго дырэктара, настаўнікі школы таксама працавалі дзень і ноч, рабілі ўсё магчымае і немагчымае. 26 выпускаў навучэнцаў прайшло праз рукі і сэрца Міхаіла Захаравіча. З іх – 69 залатых і сярэбраных медалістаў, многія і многія выпускнікі сталі паспяховымі людзьмі.
Школа № 1 захоўвала свой статус першай заўсёды. Яе дырэктара не раз узнагароджвалі ганаровымі граматамі і падзякамі за поспехі ў працы. Але для яго не галоўнае быць у цэнтры ўвагі, галоўнае, каб у цэнтры ўвагі была ягоная любімая родная школа.
Урэшце, Выдатнік народнай асветы Сямёнаў Міхаіл Захаравіч удастоены і яшчэ адной, неафіцыйнай, узнагароды – у  Шумілінскай СШ № 1 працуюць ягоныя вучні. Іх многа. Гэта тыя, для каго школа, як і для яе дырэктара, стала другім домам, хто не ўяўляе свайго жыцця без вучняў і ўрокаў, хто ідзе сюды з радасцю, тыя, каму тут утульна, нягледзячы ні на што.
Новы 2012—2013 навучальны год. Адноўленая школа зноў сустракае сваіх вучняў. Многія, асабліва старшакласнікі, ведаюць: са школы пайшоў Сямёнаў. Калі-небудзь і малодшым раскажуць, што 26 год іх школу ўзначальваў незвычайны чалавек. І ўсе, хто працаваў з ім разам, ведаюць, што гэта чалавек, чыё імя залатымі літарамі ўжо ўпісана ў летапіс Шумілінскай СШ. Гэта педагог, які адчуваў і вучня, і настаўніка. Гэта чалавек, які звязаў паміж сабой пакаленні людзей. Чалавек, які валодае дарам кіраўніка, які даваў магчымасць кожнаму быць самім сабой, і кожны мог разлічваць на ягоную пад-трымку і разуменне. Дырэктар, з якім у школе было спакойна, надзейна і зразумела. Чалавек, на якім трымалася ўся школа.
Са школы пайшоў дырэктар. А разам з ім ішла цэлая эпоха маладосці, творчасці, незабыўных момантаў многіх і многіх людзей. Нязменным заставалася толькі адно – яго школа, яго родны Дом. Назаўсёды.
Святлана ЕМЯЛЬЯНАВА.
Надрукавана ў №79 ад 05.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *